У грамадска-рэлігійным беларускім Цэнтры ў Таронта адбылася імпрэза з нагоды юбілею пісьменніцы і перакладчыцы з англійскай мовы Ірыны Варабей, аўтаркі кнігі “Там, дзе сэрца маё”.
У грамадска-рэлігійным беларускім Цэнтры ў Таронта адбылася імпрэза з нагоды юбілею пісьменніцы і перакладчыцы з англійскай мовы Ірыны Варабей, аўтаркі кнігі “Там, дзе сэрца маё”.
Ірына Варабей – вядомая ў Канадзе майстрыха па вышыўцы, а таксама фатограф, лаўрэат прэмій прэстыжных часопісаў. Беларускі чытач ведае яе таксама і як перакладчыцу кнігі Кастуся Акулы “Заўтра ёсць учора” , якая, як і першая яе кніга, выдадзена Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, і як аўтарку першых для нашай краіны кампутарных распрацовак вышывак на беларускую тэматыку. Ірына не проста выдатна вышывае, яна дасканала ведае таямнічую сімволіку старажытных узораў, і таму кожны яе твор мае глыбокі падтэкст, ён – пасыл не толькі ў мінулае, але і ў будучае.
Таму удзельнікі імпрэзы з цікавасцю знаёміліся з серыяй яе прац пад агульнай назвай “Дух Беларусі” ( Spirit of Belarus) на выставе, адкрытай у Цэнтры.
Павіншаваць Ірыну сабраліся сябры Згуртавання Беларусаў Канады і парафіі св. К. Тураўскага. На імпрэзе выступілі таксама Н. Дробіна і А. Кот.
Вядучай імпрэзы была вядомая пісьменніца, ганаровы сябра ЗБК, Вольга Іпатава. У сваім выступленні яна адзначыла, што галоўнай якасцю ўсяго, што стварае Ірына Варабей, ёсць імкненне працягнуць традыцыі канадскай эміграцыі (сярод якой былі такія яркія асобы, як Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Кастусь Акула, Аляксей Грыцук, Раіса Жук-Грышкевіч, Валянціна Пашкевіч ды іншыя), а менавіта -- ствараць у Канадзе прыгожы і адпаведны гісторыі і культуры вобраз Беларусі.
Ю. Трубец
Фота з сайту www.iv.belaruscanada.com