Беларускія выданні паспрачаюцца за тытул "Лепшы кніжны дызайн" на конкурсе ў Германіі

Лаўрэаты XLIX Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і VI Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі дзяржаў - удзельніц СНД" будуць прадстаўляць Беларусь на конкурсе "Лепшы кніжны дызайн свету", які адбудзецца ў красавіку 2010 года ў горадзе Лейпцыг (Германія).

Пра гэта паведаміла кансультант упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Алена Шыцік. Сярод накіраваных на конкурс выданняў - "Дзікае паляванне караля Стаха" У.Караткевіча ("Беларусь"), "Голоса ушедших деревень" ("Беларуская навука"), "Чароўны свет. З беларускіх міфаў, паданняў, казак", "Зямля сілы. Белавежская пушча" ("Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі"), "Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны" Л.Несцерчука, "Найвышэйшая песня Саламонава" ("Мастацкая літаратура"), "Отче наш. Молитва Господня" (выдавецтва Беларускай праваслаўнай царквы). Алена Шыцік нагадала, што маляўнічая кніга "Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны" ў гэтым годзе стала ўладальніцай Гран-пры міжнароднага конкурсу краін СНД "Мастацтва кнігі". Кніга папоўніць бібліятэкі краін СНД, што прадугледжана рашэннем Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, які выдзеліў сродкі. Беларускія выданні ў апошнія гады ўдзельнічаюць у міжнародным конкурсе "Лепшы кніжны дызайн свету". Яны вызначаюцца арыгінальнымі ілюстрацыямі, нацыянальным стылем, вытанчаным дызайнам, высокай кніжнай культурай і высока цэняцца знатакамі кніжнага мастацтва ва ўсім свеце, адзначыла спецыяліст.

"БЕЛТА"