Створана новая беларуская суполка

У Доме культуры ў Стакгольме на прыканцы кастрычніка адбыўся ўстаноўчы сход суполкі “Беларусы Швецыі” (Sveriges belarusier). Такім чынам на свет нарадзілася яшчэ адна беларуская суполка. На сходзе быў зацверджаны статут новай суполкі, абраны кіраўнік – ім стаў Юры Кажура – і кіроўная рада.

Па словах сябра Рады суполкі “Беларусы Швецыі”, які да таго ж яшчэ з’яўляецца сябрам Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, Змітра Плакса, “цяпер дакументы пададзены на рэгістрацыю, што не абавязкова па швецкіх законах, але магчыма, для надання, так скажам - "юрыдычнай паважлівасці".

Бліжэйшым часам асноўныя намаганні сяброў суполкі будуць скіраваны на пытанні арганізацыйнага кшталту, а менавіта: пошук памяшкання, рэгістрацыю, стварэнне сайту.

Што тычыць асноўных задач суполкі, то гэта – падтрымка беларусаў Швецыі, распаўсюд ведаў пра беларускую мову і культуру і інш. “Хацелася б таксама займацца і педагагічнай дзейнасцю, - гаворыць Зміцер Плакс, - Шмат ў каго ёсць дзеці, і мы б хацелі арганізаваць штосьці кшталту нядзельнай школы ці адукацыйнага гуртка.”

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”