На Лукішскай плошчы ў Вільні каля памятнага крыжа і мемарыяльнай дошкі кіраўнікам паўстання 1863 года адбылася талака і ўшанаванне памяці нацыянальнага героя Беларусі – Кастуся Каліноўскага.
На Лукішскай плошчы ў Вільні каля памятнага крыжа і мемарыяльнай дошкі кіраўнікам паўстання 1863 года адбылася талака і ўшанаванне памяці нацыянальнага героя Беларусі – Кастуся Каліноўскага.
Мерапрыемства было арганізавана маладзёвай ініцыятывай “StudAlliance”, пры ўдзеле студэнтаў ЕГУ, Таварыства Беларускай культуры і Маладога Фронту.
Пасля добраўладкавання тэрыторыі вакол крыжа, былі ўскладзены кветкі і запалены знічы. Чаму для правядзення мерапрыемства было абрана менавіта гэтае месца тлумачыць ініцыятар акцыі, маладафронтавец Кірыл Атаманчык:
- Шматлікія беларусы памятаюць падзеі вясны гэтага года, калі нам прыйшлося са сцягамі, расцяжкамі, кветкамі ды лампадкамі адстойваць гэтае памятнае месца. Вынік відавочны: праблема была вырашана. Цяпер, на нашай адказнасці і сумленні лёс гэтага крыжа і мемарыяльнай дошкі. Калі мы “першымі ўзнялі тут сцяг”, то і надалей будзем асабліва пільную ўвагу надаваць менавіта гэтаму месцу ў Вільні.
Нагадаем, што вясною гэтага года беларускія грамадскія арганізацыі ды ініцыятывы ў Літве, а таксама некаторыя арганізацыі ў Беларусі, у тым ліку і МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, правялі шырокую грамадскую кампанію па захаванні гэтага помніка і ўключэнні яго ў план рэканструкцыі Лукішскай плошчы у якасці асобнай адзінкі. Вынікам агульных намаганняў стала пастанова Міністэрства культуры Літвы, згодна якой крыж памяці Кастуся Каліноўскага будзе захаваны.
Паводле прэс-службы ініцыятывы “StudAlliance”