У Польшчы прайшоў фестываль "Беларуская песня - 2009”

Заключны гала-канцэрт чарговага XVI Агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня - 2009” адбыўся ў Падляшскім ваяводстве 24 кастрычніка 2009 года. Фестываль “Беларуская песня”, які ў гэтым годзе праводзіўся ўжо ў 40-вы раз, ёсць адным з найбольш значных і важных культурных мерапрыемстваў не толькі для беларускай меншасці, але і для ўсіх жыхароў гэтага рэгіёна.

Арганізатарамі фестывалю з’яўляліся Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) і Таварыства беларускай культуры (ТБК) у Польшчы пры садзейнічанні Пасольства і Генконсульства Беларусі ў Беластоку, фінансавай і творчай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. З польскага боку фінансавую падтрымку аказалі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. Фестываль адбываўся пад ганаровым патранатам маршалка Падляскага ваяводства. У час адкрыцця канцэрта да гасцей, удзельнікаў і гледачоў звярнуўся Міністр культуры Беларусі П.Латушка, які зачытаў прывітальны ліст ад намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Патупчыка. Ад імя Міністэрства культуры арганізатарам фестывалю быў перададзены камплект сцэнічных касцюмаў для ўзнагароджання лаўрэатаў і пераможцаў цэнтральнага агляду-конкурсу фестывалю “Беларуская песня - 2009”. Старшынёй БГКТ Янам Сычэўскім быў таксама зачытаны прывітальны ліст Міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаша Семаняка. Удзельнікамі гала-канцэрту сталі пераможцы адборачных рэгіянальных тураў з усяго Падляшша. Гэта як сольныя выканаўцы, так і гурты, хоры беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Сапраўдным упрыгожваннем канцэрта стала выступленне маладых зорак беларускай эстрады – Алены Ланской і Івана Буслая, а таксама Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь ім. Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў, народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага. На працягу трох з паловай гадзін каля 3-х тысяч гледачоў вельмі цёпла, а часта і авацыямі адзначалі выступленні артыстаў, а ў фінале заключнага канцэрта ў выкананні ўсіх ўдзельнікаў і гледачоў прагучала песня “Люблю наш край”, якая з’яўляецца традыцыйным гімнам фестывалю. 25 кастрычніка ў Бельску Падляшскім адбылося канцэртнае выступленне А. Ланской і І. Буслая, а таксама Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь ім. Генадзя Цітовіча. На мерапрыемстве прысутнічалі Міністр культуры Беларусі П. Латушка, Генеральны консул Беларусі ў Беластоку М. Аляксейчык, кіраўнік Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы А. Карачун, прадстаўнікі адміністрацыі горада Бельск Падляшскі, самакіравання Гайнаўскага і Бельскага паветаў.

Паводле сайту Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча