Выстава-прэзентацыя новай кнігі вядомай беларускай фотамастачкі Алены Адамчык пад назвай "Жанчыны Еўропы" ("Women of Europe") распачалася на мінулым тыдні ў Вільні.
Выстава-прэзентацыя новай кнігі вядомай беларускай фотамастачкі Алены Адамчык пад назвай "Жанчыны Еўропы" ("Women of Europe") распачалася на мінулым тыдні ў Вільні.
Ініцыятарам імпрэзы выступіў літоўскі банк SEB. Выстава распачалася 22 кастрычніка і была прымеркаваная да адкрыцця новага памяшкання філіі банка для VIP-кліентаў.
У новай філіі банк пабудаваў мастацкую галерэю і распачаць яе працу прапанаваў беларускай фотамастачцы Алене Адамчык.
(Усе фота прадаставіла БАЖ спн. Адамчык)
"Мне вельмі спадабалася. На прэзентацыі прысутнічалі банкіры і іх прыват-кліенты. Пасля ўрачыстага адкрыцця філіі банка адбылася прэзентацыя маёй кнігі “Жанчыны Еўропы”. Зараз у галерэі выстаўляюцца некаторыя старонкі з гэтай кнігі", — падзялілася ўражаннямі спадарыня Адамчык.
Паводле аўтаркі, кніга ўяўляе сабой фотаальбом, у якім сабраныя партрэты жанчын-еўрапеек, іх асяроддзе, інтэр’ер іх дамоў, вандроўкі. Першая прэзентацыя "Жанчын Еўропы" адбылася сёлета ў ліпені ў Монтэ-Карла (Манака). Тады імпрэза ладзілася ў "Sass Cafe" — улюбёным месцы сустрэч знакамітасцяў сусветнага ўзроўню.
Зараз Алена Адамчык працуе над новай кнігай, якая будзе прысвечана жанчынам каралеўства Манака. "Але паралельна хачу рабіць альбом пра жанчын Беларусі і Прыбалтыкі, таму што нашыя жанчыны, іх жыццё і гісторыі мне таксама вельмі цікавыя", — зазначае фотамайстар.