У Вільні прайшоў канцэрт беларуска-літоўскага сяброўства

У віленскім бары "PoGo" прайшоў канцэрт беларуска-літоўскай салідарнасці, на якім выступілі "хлапечая" каманда з Беларусі і "дзявочая" з Літвы.
"In GVK", “вельмі малады” (як было напісана ў прэс-рэлізе) фанк-гурт з Вільні, які складаецца цалкам з дзяўчат і мінскі гурт "HandMadE", у якім, як вядома, граюць выключна хлопцы. Фотарэпартаж пра салідарнаць і гендэрны баланс глядзіце ніжэй.Дзяўчынкі з "In GVK", насамрэч, аказаліся “вельмі маладымі”, прычым самай маладой з іх усяго чатырнаццаць год, астатнім – па пятнаццаць. Сяброўкі пазнаёміліся ў школе. Як вядома, шмат сённяшніх музычных зорак пачыналі менавіта ў такіх вось школьных гурточках  – невядома толькі, як дзяўчынкі праходзяць пашпартны кантроль у клубах, куды іх запрашаюць выступаць :) Удзельнікі беларускага гурта "HandMadE" граюць музыку ў стылі рэгі, выконваюць пераважна ўласныя песні на беларускай і рускай мовах, часам, з цяжкасцю, але ж размаўляюць па-англійску і, па ўсім мяркуючы, вельмі любяць вершы свайго сябра Глеба Лабадзенкі. Гэта была не апошняя сустрэча беларускіх і літоўскіх музыкаў: падобныя Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў збіраецца праводзіць штомесяц. Акрамя таго, у планах цэлы беларуска-літоўскі фэст, удзел у якім возьмуць па восем гуртоў з кожнага боку.

Ліна Ліс, "Еўрапейскае радыё для Беларусі"