60 год працы на карысць беларушчыны

У грамадскай залі сабора святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 18 кастрычніка адбыліся святочныя мерапрыемствы з нагоды святкавання 60-годдзя найстарэйшай арганізацыі беларускай дыяспары ў ЗША – Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА).

З вітальнымі прамовамі выступілі япіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі Святаслаў (Логін), цяперашні старшыня БАЗА Вячка Станкевіч, а таксама былыя старшыні БАЗА Антон Шукелойць і Янка Запруднік, старшыня Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы Мікола Цімашэнка, старшыня Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка і старшыні іншых аддзелаў БАЗА. Былі зачытаны прывітанні ад Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”,  беларускіх арганізацый Канады, Аустраліі, Эстоніі - усяго больш за 30 беларускіх арганізацый, а таксама ад украінцаў Амерыкі.

Падчас святочных мерапрыемстваў прайшлі выставы фотаздымкаў, прадметаў нацыянальнага мастацтва, марак, кніг ды іншай друкаванай прадукцыі.

Вячэрняя частка праграмы прайшла на арэндаваным прагулачным караблі. У святочным канцэрце прынялі ўдзел знакаміты бард Сяржук Сокалаў-Воюш, спявачка Валянціна Якімовіч, і спецыяльна запрошаныя з нагоды  святкавання 60-годдзя БАЗА госці з Беларусі: бард Зміцер Сідаровіч і салістка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава.

Вячка Станкевіч (злева) і Зміцер Сідаровіч

Злева на права: Сяржук Сокалаў-Воюш, Валянціна Якімовіч, Віталь Зайка, Зміцер Сідаровіч

Антон Шукелойць, Сяржук Сокалаў-Воюш, Валянціна Якімовіч

Інфармацыйны цэнтр “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”