Эканаміст, паэт, філосаф, ганаровы консул...

Уладзімір ШугляГанаровым консулам Беларусі ў Цюменскай вобласці Расіі стаў Уладзімір Шугля. Адпаведнае пасведчанне ўручыў сёння яму Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Васіль Далгалёў.

Уладзімір Шугля  - эканаміст і філосаф, які да таго ж яшчэ піша вершы і песні. Нарадзіўся ён на поўначы Расіі, у сібірскім Заураллі , у сям'і беларусаў. Ужо дарослым Уладзіміра Фёдаравіча пацягнула на гістарычную радзіму. Ён два гады шукаў свае карані. Праводзіў час у архівах, пісаў запросы і адначасова кіраваў прыватнай холдынгавай кампаніяй, а яшчэ заставаўся натхняльнікам грамадскай арганізацыі беларусаў Цюмені.

Уладзімір Шугля даўно мае ў Цюмені неафіцыйны статус народнага дыпламата.Ён узначальвае Каардынацыйны савет нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў Цюменскай вобласці і Цюменскую абласную грамадскую арганізацыю "Саюз-інтэграцыя брацкіх народаў". Цяпер Уладзімір Шугля стаў народным дыпламатам афіцыйна.

"Заходне-Сібірскі край асвойвалі некалькі пакаленняў беларусаў, - нагадаў ганаровы консул. - За апошнія два стагоддзі было некалькі хваль масавага перасялення беларусаў на сібірскія землі, апошняе было звязана з асваеннем нафтагазавых радовішчаў. Беларусы поўнасцю адбудавалі горад Лангепас, а ў цэлым на тэрыторыі Цюменскай вобласці цяпер пражываюць каля 50 тыс. этнічных беларусаў". У новым статусе ва Уладзіміра Шуглі мноства планаў. Будзе прадоўжана дзейнасць па ўмацаванню культурных сувязей беларускіх цюменцаў з этнічнай радзімай. Дарэчы, за працу ў гэтым некірунку Уладзімір Шугля ў свой час быў удастоены медаля Францыска Скарыны. Найбольшую ўвагу ганаровы консул мае намер удзяліць пытанням гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Прычым да работы на гэтым напрамку ён абяцае падключыць усіх членаў грамадскіх арганізацый, якія ён узначальвае.

Паводле "БЕЛТА"