У Літву на штогадовы форум пад назвай USB Rally (United Students of Belarus) — "Сустрэча аб’яднаных студэнтаў Беларусі" з’ехаліся студэнты‑беларусы з розных куткоў свету. Больш за ўсё навучэнцаў прадставіў мясцовы Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, але былі і беларусы з ЗША, Італіі, Германіі…
У цэнтры ўвагі апынулася абмеркаванне студэнцкіх праблемаў. Хтосьці незадаволены якасцю беларускай адукацыі, а хтосьці адчувае на сабе дыскрымінацыю пры навучанні за мяжой.
У час дыскусіі выявіліся разыходжанні як у разуменні стратэгіі дзеянняў, так і жыццёвых прыярытэтаў. Студэнтаў, якія навучаюцца ў Беларусі, цягнула да глабальных праектаў, такіх, як вяртанне льготаў на праезд. Ідэя не знайшла падтрымкі ў "амерыканцаў". Ілля Куніцкі з Нью‑Ёрка мяркуе: "А навошта студэнтам ільготы? Вы можаце вучыцца і працаваць адначасова. Нельга з маладых гадоў сядаць на шыю грамадству".
Старшыня ж ЗБМА (Згуртаванне беларускай моладзі ў Амерыцы) Мікола Цімашэнка, напрыклад, выступіў з прапановай стварыць малельныя пакоі ў беларускіх універсітэтах. На яго думку, памяшканні будуць запатрабаванымі, паколькі больш за палову беларускіх студэнтаў — вернікі. "Калі б я жыў у Беларусі, я б лёгка рэалізаваў гэты праект, — заявіў ён. — Такія пакоі існуюць у ВНУ па ўсім свеце".
Арцём Церашонак, які навучаецца ў Беларусі, прэзентаваў праграму рэформ у галіне адукацыі, падрыхтаваную моладзевым клубам пры аналітычным цэнтры "Стратэгія". У ёй закладзены такія пункты, як увядзенне ваўчараў на адукацыю, адмена абавязковага размеркавання і стварэнне прыватных школ.
"Амерыканцы" пераконвалі — трэба рабіць дробныя дзеянні. Такія, як дапамога дзеячу Цімоху Вострыкаву — парашутысту, які пасля вайны з амерыканскага самалёта дэсантаваўся ў падсавецкую Беларусь, каб весці змаганне за незалежнасць. "Мы знайшлі яго, і ён зразумеў, што пра яго не забыліся. Ён памёр шчаслівым", — расказала Таццяна Кулакевіч.
Студэнты мяркуюць, што праца на карысць Беларусі не абавязкова тоесная працы ўнутры Беларусі. Большасць з іх не збіраецца вяртацца на радзіму пасля сканчэння навучання. У асноўным усе тлумачаць гэта так:"Калі б мне ў Беларусі стварылі такія ўмовы, як у Еўропе…"