"Песняры" выступілі ў Латвіі

Знакаміты беларускі ансамбль "Песняры" наведаўся з канцэртамі ў Латвію. Пра гэта паведаміла намесніца старшыні  Беларускай суполкі "Спадчына" Алена Нарушэвіч.

Канцэрты арганізаваны Балтыйскім канцэртным агенствам пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Латвіі. Першы канцэрт 14 кастрычніка адбыўся ў горадзе Ліепая, учора прайшоў канцэрт у Вентспілсе. Арганізацыйную дапамогу ў правядзенні апошняга аказвала Беларуская суполка "Спадчына".

Сёння ўвечары латвійскія аматары творчасці "Песняроў" могуць яшчэ раз убачыць любімы калектыў на сцэне. Канцэрт песняроў адбудзецца а 19:00 ў Доме кангрэсаў у Рызе.

Акрамя таго, на ўсіх вышэй пазначаных канцэртах цікавасць гледачоў падагравае цыганскі ансамбль "АлЛюР", які выступае ў Латвіі сумесна з "Песнярамі". Творчы калектыў "АлЛюР", створаны ў Мінску ў 2003 годзе, увасабляе ў сваёй творчасці лепшыя традыцыі цыганскай культуры.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"