Беларус 2009

Беларус2009Пабачыў свет альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа “БЕЛАРУС 2009”. У сёлетнім нумары можна азнаёміца з творамі Георгія Аскеркі, Лявона Баравога, Віталя Воранава, Віталя Зайкі, Макса Шчура, Алега Мінкіна, Сяржука Сокалава-Воюша, Віктара Кавалеўскага, Ірыны Варабей ды іншых беларускіх пісьменнікаў – усяго 23 аўтары з 9 краін свету.

Напрыканцы нумару змешчана паэма "Найноўшыя дзеі беларусаў у Нью-Ёрку", падпісаная псеўданімам Вядзьмак Брайтан-Бруклінскі. Як адзначыў ва ўступе Сяржук Соклаў-Воюш, паводле стылю паэма нагадвае ананімныя рукапісныя творы пачатку ХІХ стагоддзя, у якіх аўтары вялі размову з народам пра надзённыя праблемы, а паводле зместу паэма падобная на славутыя творы “Тарас на парнасе”, “Энеіда навыварат”, “Лысая гара”.

Што тычыцца згаданай вышэй сп-ні Ірыны Варабей, то ў гэтым нумары альманаху можна не толькі прачытаць яе вершы і пераклады, але і ўбачыць яе фота на вокладцы, зробленае сп-няй Ірынай на 28-й Сустрэчы Беларусаў Амерыкі ў Кліўлендзе, а таксама фотаздымак вышыванкі

Рэдакцыя альманаху выказвае падзяку асобам, якія зрабілі грашовыя ахвяраванні для выхаду гэтага нумару (В. Кіпелю, К. і Я. Вініцкім, М. Дэмковіч, У. Ракуцю, Я. Шыбуту, Т. Бэрду,Я. Запрудніку, А. і Н. Вакулічам, Т. Красоўскай) , а таксама сп-ру Віталю Воранаву за папулярызацыю выдання ў Еўропе і дапамогу ў яго распаўсюджванні.

Выданне можна замовіць у рэдакцыі, даслаўшы сваю замову на адрас: BIELARUS /  P. O. Box 3225 / Farmingdale, NY 11735 USA

Кошт “БЕЛАРУСА 2009” разам з дасылкай для жыхароў ЗША $15, Канады – $18, усіх іншых краінаў свету $20.

На той жа самы паштовы адрас або электроннай поштай на адрас hazetabielarus@att.net можна дасылаць свае творы для друку ў наступным нумары “Беларуса”, які мае выйсці летам 2010 года. Творы прымаюцца да 1 чэрвеня 2010 года.

Інфармацыйны цэнтр “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”