Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Санкт-Пецярбургу адзначыла сваё 20-годдзе. Урачыстая вечарына з гэтай нагоды адбылася 7 кастрычніка ў Цэнтральным музеі сувязі Санкт-Пецярбурга.
Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Санкт-Пецярбургу было створана ў 1989 годзе па ініцыятыве творчай інтэлігенцыі горада. І з тае пары на працягу вось ўжо 20 год сябры таварыства актыўна займаюцца папулярызацыяй беларускай культуры сярод жыхароў Санкт-Пецярбурга.
Паводле слоў намеснiка старшынi праўлення Беларускага грамадска‑культурнага таварыства Санкт‑Пецярбурга Аляксандра Станкевіча, на святочнай вечарыне прысутнічала больш за 200 чалавек: прадстаўнікі ўсіхбеларускіх арганізацый Санкт-Пецярбурга, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, адміністрацыі горада, вядомыя беларусы Санкт-Пецярбурга.
Госці святочнай вечарыны
З вітальным словам выступіў кіраўнік Аддзялення пасольства РБ у РФ Дзмітрый Сівіцкі. Ён зачытаў таксама вітальныя лісты ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі і ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леаніда Гулякі. Сп-р Сівіцкі асобна выказаў падзяку Міколе Нікалаеву за стварэнне грунтоўнага даследавання пра жыццё і дзейнасць выхадцаў з Беларусі у Санкт-Пецярбургу пад назвай “Беларускі Пецярбург”. Прэзентацыя гэтай кнігі адбылася падчас святкавання 20-годдзя Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу. Яшчэ раней пра гэтую кнігу мелі магчымасць даведацца жыхары Беларусі. Прэс-канферэнцыя з нагоды выхаду кнігі прайшла ў Мінску ў прэс-цэнтры Дома друку ў канцы ліпеня.
Выступае Дзмітрый Сівіцкі
У сваім выступленні сп-р Сівіцкі адзначыў, што даследаванняў, падобных таму, што зрабіў Мікола Нікалаеў, няма нават ў Беларусі, і выказаў надзею, што гэта паслужыць прыкладам іншым беларускім суполкам.
Высокую адзнаку кнізе даў і старшыня праўлення Беларускага грамадска‑культурнага таварыства Санкт-Пецярбурга, прафесар Валянцін Грыцкевіч. Ён адзначыў, што кніга Міколы Нікалаева, над якой аўтар працаваў больш за 6 год, з’яўляецца грунтоўным даследаваннем гісторыі беларускай дыяспары ў Санкт-Пецярбургу, ролю якога для беларускай навукі нельга не ацаніць.
Выступае Валянцін Грыцкевіч, за ім (злева направа) члены праўлення таварыства Аляксандр Станкевіч і Мікола Нікалаеў
Шмат добрых словаў пра кнігу сказалі таксама супрацоўнік Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Дзмітрый Левін, заслужаны будаўнік РФ Уладзімір Шышко, генерал авіяцыі Леанід Сланеўскі, генерал-лейтэнант Уладзімір Чмыроў, контр-адмірал Генадзь Палюховіч.
У межах святкавання 20-годзя Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу адбылося адкрыццё выставы пецярбуржскіх мастакоў (Iван і Багдан Чэрнякевічы, Віктар і Максім Сівуха, Юрый Казак, Анатоль Лукашонак, Анатоль, Антон і Сцяпан Аўсяннікавы, Вітаўт Драздоў, Сяргей Ткачэнка і Дзмітрый Якуценя).
Выставу адкрывае Іван Чарнякевіч
Канцэрт ансамбля "Рэтра-хіт"
На завяршэнне вечарыны перад прысутнымі выступіў з канцэртам ансамбль "Рэтра-Хіт" пад кіраўніцтвам Віктара Каваленкі. Песні гэтага калектыву, які больш за 15 гадоў займаецца прапагандай беларускай песні ў Санкт-Пецярбургу, сталі сапраўдным падарункам для гасцей мерапрыемства.