У Любліне завяршыўся XIV міжнародны фестываль “Konfrontacje teatralne” (30.09 - 3.10). Сёлета ў праграме “Канфрантацый” браў удзел Тэатр беларускай драматургіі са спектаклем “Вяртанне Галадара”, пастаўленым паводле п’есы Сяргея Кавалёва. Рэжысёр спектакля – Кацярына Аверкава.
Гісторыю стварэння п’есы апавядае драматург Сяргей Кавалёў:
– Некалькі гадоў таму я перакладаў на беларускую мову п’есу Тадэвуша Ружэвіча “Адыход Галадара”, Валеры Анісенка ў 2005 годзе на замову “Тэатральных канфрантацый” паставіў яе ў Тэатры беларускай драматургіі. І мне было цікава ўявіць, як сюжэт п’есы Ружэвіча мог бы развівацца праз пару дзесяткаў гадоў, ужо ў сучасным свеце, з дзецьмі герояў Ружэвіча – так паўстала п’еса “Вяртанне Галадара”, якая і ўвасобілася ў спектаклі Кацярыны Аверкавай. Люблінская публіка мела мажлівасць пазнаёміцца з “Вяртаннем Галадара” ў 2006 годзе ў межах праекта “Адсутная драматургія: Чытанне сучаснай беларускай п’есы” (“Dramat nieobecny: Czytanie współczesnej sztuki białoruskiej”).
– Сёлета на фестывалі ў Любліне адбыўся прэм’ерны паказ “Вяртання Галадара”. Якія Вашыя ўражанні, якія ўражанні публікі?
– Спектакль “Вяртанне Галадара” ў пастаноўцы Кацярыны Аверкавай атрымаўся лірычнай казкай пра свабоду – так ён быў успрыняты польскай публікай. Трэба сказаць і пра тое, што сцэнаграфія “Вяртання…” досыць традыцыйная, а па польскіх стандартах – нават архаічная. Асобна хацелася б сказаць пра музычнае афармленне спектакля – яно спадабалася, бадай, усім. Аўтарка музыкі – сама рэжысёрка. Цікава дачакацца ўражанняў беларускай публікі – паказ спектакля ў Мінку адбудзецца 17 кастрычніка.
– Мяркуеце, рэакцыя можа быць кардынальна іншай?
– Справа ў тым, што варта ўлічваць розніцу ў стандартах, у традыцыях тэатральнай культуры ў Польшчы і Беларусі – яна абумоўлівае адрознае ўспрыняцце адной і той жа пастаноўкі беларускім і польскім гледачом. Вельмі
лёгка трапіць у сітуацыю, калі спектакль спадабаецца польскай публіцы і не спадабаецца беларускай, і наадварот. Беларусам хочацца прыгожай казкі з прыгожымі касцюмамі і дэкарацыямі, з хэпі-эндам, у той час як польскі глядач (які знаходзіцца ў значнай ступені пад уплывам нямецкіх тэатральных традыцыяў) чакае ад спектакля іншага – яму цікава распрануць героя (ва ўсіх сэнсах), можна казаць і пра пэўную брутальнасць.
– Ці азначае гэта, што шлях на міжнародныя тэатральныя фестывалі для беларускіх драматургаў і тэатраў закрыты?
– У пэўным сэнсе – так. З “усходніх” аўтараў тут найбольш прадстаўлены расійскія. Вядома, беларуская і ўкраінская тэатральная традыцыі і традыцыі драматургіі не могуць параўноўвацца з расійскімі. Гэта датычыць таксама і падрыхтоўкі спектакля: у нас два месяцы спектакль рыхтуецца, пасля тры месяцы паказваецца, і потым пра яго ўсе паспяхова забываюць, у той час як некаторыя расійскія і польскія калектывы цягам году рыхтуюць спектакль, а пасля тры гады з ім выступаюць. Аднак тут ёсць і яшчэ адзін нюанс – на маю думку, беларуская драматургія перавышае па сваім узроўні мажлівасці беларускага тэатра. Таму, а асабліва гэта заўважна ў выпадку з маладымі драматургамі, аўтары, каб рэалізавацца, расці і развівацца, вымушаныя шукаць сабе месца дзесьці па-за межамі Беларусі, найчасцей (у нашай сітуацыі) – у Расіі.
Адзіны беларускі тэатральны калектыў, які паспяхова выступае на ўсіх мажлівых тэатральных фестывалях і сцэнах, – гэта “Свабодны тэатр” з п’есай “Поколение Jeans”. Практычна яны робяць тое, чаго ад іх чакае замежны глядач. Гродзенскі лялечны тэатр часта выступае ў Польшчы (па-польску, дарэчы). Ёсць, вядома, і такія тэатральныя фестывалі (напрыклад, “Суседзі” ў Любліне), сама канцэпцыя якіх перадугледжвае ўдзел беларускіх тэатраў. Аднак увогуле казаць пра прысутнасць беларускіх тэатраў і драматургаў на сусветнай сцэне не выпадае (акрамя згаданага “Свабоднага тэатра”). Я б увогуле сказаў, што тэатр у нас – маланацыянальны, а літаратура – малатэатральная.