Беларусы прынялі ўдзел у форуме выдаўцоў і перакладчыкаў у Арменіі

У Арменіі прайшоў ІІІ Форум перакладчыкаў і выдаўцоў краінаў СНД і Балтыі "Практыка перакладу і рынак: механізмы ўзаемадзеяння нацыянальных культур". Мерапрыемства праводзілася пад эгідай Міністэрства культуры Арменіі і пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД з 6 па 12 кастрычніка.

Праект рэалізуецца Армянскай грамадскай арганізацыяй культурнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі.

У форуме удзельнічалі прадстаўнікі 7 краін СНД: Беларусі, Кыргыстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Украіны, Узбекістана, а таксама госці з Літвы, Латвіі, Эстоніі. У склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі: пісьменнік Васіль Якавенка, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, літаратарка Марыйка Мартысевіч, перакладчык і выдавец Зміцер Колас, дырэктар выдавецтва "Кнігазбор" Генадзь Вінярскі.

У межах форума адбыліся акадэмічныя выступленні гасцей форума, круглыя сталы па праблемах перакладаў на мовы краін-удзельніц СНД, механізмах фінансавання кнігавыдавецкай справы, былі абмеркаваныя пытанні абмену вопытам па выхадзе на нацыянальныя рынкі, а таксама праведзены майстар-класы для ўдзельнікаў форума.

Дэлегаты форума прынялі ўдзел у святкаванні Дня перакладчыка. Гэтае свята штогод урачыста адзначаецца армяскай царквой. Святочныя мерапрыемствы з удзелам гасцей форума прайшлі ў мястэчку Ашакан, дзе пахаваны армянскі святы Месроп Маштоц, які з’яўляецца стваральнікам армянскага алфавіту і перакладчыкам Бібліі на армянскую мову.

У дні форума ў Дома Масквы ў Ерэване была арганізавана Міжнародная кніжная выстава, у якой удзельнічалі больш за 40 выдавецтваў і перыядычных выданняў краін СНД і Балтыі, у тым ліку і беларускія выдавецтвы "Зміцер Колас" і "Кнігазбор". Усе кнігі, прадстаўленыя на выставе, будуць перададзены ў бібілятэку  Саюза перакладчыкаў краін СНД і Балтыі. Акрамя таго, удзельнікі форума атрымалі ў падарунак "Анатаваны каталог пісьменнікаў і перакладчыкаў краін СНД і Балтыі", адмыслова выдадзены да форума.

Па словах Генадзя Вінярскага, ІІІ Форум перакладчыкаў і выдаўцоў краінаў СНД і Балтыі даў цудоўную магчымасць наладзіць сувязі з перакладчыкамі і пісьменнікамі з краінаў СНД.

"У часы Савецкага Саюза літаратура краінаў СНД дастаткова часта перакладалася на беларускую мову і наадварот, – гаворыць Генадзь Вінярскі. – Аднак пасля літаратурныя сувязі былі згублены, і цяпер існуе пэўная праблема з перакладамі на мовы краінаў СНД. Форум як раз і даў магчымасць завязаць асабістыя сувязі з пісьменнікамі, перакладчыкамі і кнігавыдаўцамі".

Падчас форума беларускай дэлегацыяй падымалася пытанне перакладу на беларускую мову з моваў краін-удзельніц СНД без выкарыстання мовы-пасярэдніцы, то бок рускай мовы. У гэтым сэнсе першачарговай з’яўляецца задача складання слоўнікаў. Падчас форума была дасягнута дамоўленасць з дэлегатамі з Кыргыстана аб стварэнні беларуска-кыргызскага слоўніка. Таксама была дасягнута дамоўленасць з прадстаўнікамі Украіны аб выданні беларускага нумару часопіса "Всесвіт" (украінскі часопіс замежнай літаратуры). Увогуле, па словах Генадзя Вінярскага, найбольш цесныя сувязі беларускай дэлегацыяй былі ўсталяваны з дэлегатамі з Расіі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Кыргыстана.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"