Ад Дняпра да Днястра альбо звонкія песні над ліманам

Белгарад-Днястроўская крэпасцьУ Адэскай вобласці Украіны пражывае шмат выхадцаў з Беларусі. У горадзе Белгарад-Днястроўску, маюць яны і суполку: нацыянальна-культурнае аб’яднанне грамадзян “Беларусь”. Менавіта яе актывісты запрасілі на ўрачыстасці з нагоды вызвалення Украіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама на Дні горада і Свята нацыянальных самадзейны калектыў “Крыніца” з горада Дуброўна, што на Віцебшчыне, і прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкама і Дубровенскага гарвыканкама.

Варта сказаць, што летась калектыў “Крыніца”, аснову якога складаюць настаўнікі мясцовай музычнай школы, адсвяткаваў 15-годдзе. Ён выступаў на шэрагу знакавых канцэртаў у Беларусі, Расіі і ў іншых краінах. І вось — Украіна. Белгарад-Днястроўскі сёлета горача вітаў як песенныя, так і танцавальныя нумары артыстаў. Чатыры напружаныя дні ўмясцілі выступленні на фестывалі “Фартэцыя” ў старой крэпасці горада, на яго плошчах, на адкрытых пляцоўках у курортным пасёлку Затокі, што паблізу лімана. Беларусы давалі па 2–3 канцэрты за дзень.

Белгарад-Днястроўскі ўпершыню апладзіраваў “Крыніцы” два гады таму: калектыў з бляскам выступіў на фестывалі “Днястроўская хваля”, быў адзначаны высокімі ўзнагародамі. Адбылося тое знаёмства таксама дзякуючы суполцы беларусаў, якой кіруе Лілія Цвяткова. А сёлета на фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” выступаў белгарад-днястроўскі калектыў “Украінец”. Прыязджалі на свята і прадстаўнікі гарадскіх улад: вывучалі магчымасці больш цеснага супрацоўніцтва ў эканамічнай, гандлёвай сферах, у развіцці турызму. У наступным годзе мэрыі Белгарад-Днястроўскага і Дуброўна намерваюцца падпісаць пагадненне аб рэгіянальным супрацоўніцтве. Між іншым, адзін з віцэ-мэраў прыморскага горада — беларус. Выказаў жаданне пабываць у Дуброўне і гарадскі галава Белгарад-Днястроўскага Мікалай Дацэнка. Ужо вырашана, што фестываль “Днястроўская хваля” будзе і надалей прымаць у сябе нашых артыстаў, а фэст “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” — гасцей з Украіны.

Паводле "Голасу Радзімы"