26 верасня сябры Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага правялі гістарычную вечарыну “Старажытнае славянскае племя Крывічы: гісторыя і традыцыя”. Абраная тэма для беларусаў Іркуцка зусім невыпадковая.
З 1998 года пры таварыстве існуе маладзёвы клуб “Крывічы”, аднак ён не быў аформлены юрыдычна, і вось 11 верасня гэтага года клуб быў афіцыйна зарэгістраваны.
Моладзь самастойна падбірала матэр’ялы для дакладаў пра племя Крывічы. На вечарыне прагучалі даклады, прысвечаныя гісторыі ўнікнення племя Крывічы, узбраенню і старажытнаму стылю барацьбы крывічоў, асаблівасцям іх адзення і ўпрыгожання, міфалогіі і светапогляду крывічоў.
Было вырашана падобныя гістарычныя вечарыны ладзіць кожны месяц. Наступная мае адбыцца 24 кастрычніка. На ёй будзе больш грунтоўна разгледжана тэма міфалогіі і светапогляду крывічоў (26 верасня гэтая тэма была разгледжана толькі павярхоўна з-за недахопу часу).
У нядзелю 27 верасня Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага прымала ўдзел ў святкаванні Дня Іркуцкай вобласці. У Гэты дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё Музея гісторыі горада Іркуцка. Пры музеі існуе аддзяленне Дома рамёстваў, супрацоўнікі якога запрасілі майстроў горада Іркуцка на адмысловы кірмаш. Сярод запрошаных былі і сябры Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага, яны прэзентавалі на кірмашы саматканыя рушнікі, паясы, беларускія традыцыйныя вышыўкі, лялькі-абярэгі ды шмат іншых цікавых вырабаў.
У той жа дзень у Іркуцкім Экспацэнтры адбылося адкрыццё выставы “Зямля Іркуцкая”. Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага прадставіла на выставе сапраўдныя кросны ды разнастайныя мастацкія вырабы ўмельцаў таварыства. Цікавасць да беларускага стэнда праявіў губернатар горада Іркуцка, які прысутнічаў на выставе. Сябры таварыства прэзентавалі яму саматканы рушнік і газету “Маланка”, якую штомесяц выдае таварыства. Выстава “Зямля Іркуцкая”працавала з 27 па 29 верасня.
Кіраўнік таварыства Алег Рудакоў адзначыў, што Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага было адзіным нацыянальна-культурным аб’яднаннем, якое прымала актыўны ўдзел у мерапрыемствах па святкаванні Дня Іркуцкай вобласці.