Даследчыкі гісторыі беларускай эміграцыі адзінагалосна гавораць пра існаванне праблемы пераемнасці пакаленняў у асяродках беларускай дыяспары. На шчасце, ёсць ўсё ж такі беларускія суполкі, дзе такая праблема не стаіць.
Так, у Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага актыўнай моладзі вельмі шмат, з 1998 года дзейнічае маладзёвы клуб “Крывічы”. Пра свой шлях да беларускасці і пра тое, што значыць быць беларусам, расказвае старшыня Іркуцкага маладзёвага клуба “Крывічы” Вольга Галанава.
- Як Вы прыйшлі да беларускасці?
Мае продкі пераехалі з Беларусі ў Сібір яшчэ ў 1936 годзе мінулага стагоддзя, і мая прабабуля заўсёды была для меня тым, што дае моцы жыць. На жаль, яе ўжо няма. Яна ўсё жыццё да апошняга свайго дня размаўляла па-беларуску.І ўвогуле ўсё ў яе было па-беларуску: і ў хаце, і ў адзені, і ў жыцці. Таму я з дзяцінства чула беларускую мову А потым калі я прыехала ў Іркуцк вучыцца, 1 верасня я пайшла па горадзе шукаць жыллё і працу. Я толькі прыехала, нікога не ведала. І вось раптоўна я ўбачыла дзверы, на якіх напісана “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага”. Я была вельмі здзіўлена. Беларусь! Тут! Я не ведала нават, што такое ёсць. Да того ж, ад маёй вёскі Іркуцк знаходзіцца ў 250 кіламетрах. І як я ўвайшла за гэтыя дзверы, так там і засталася. З 2003 года я ў таварыстве. Я пачала вывучаць больш глыбока беларускую мову і літаратуру. Больш за ўсё я захаплялася Янам Баршчэўскім, таму што гэта такі пісьменнік, які адлюстроўвае жыццё беларусаў і іх душу. Я слухала беларускія народныя спевы, яны заўсёды мяне краналі, бо мая бабуля спявала доўгія-доўгія беларускія песні, калі сказаць, што па 30 хвілін, дык я не памылюся. Але, на жаль, я ўжо іх не ведаю, бо была вельмі малая, калі яна іх спявала. Больш плённа працаваць на карысць беларускасці я пачала з 2003 года.
- Якія аспекты беларускай культуры Вас найбольш цікавяць?
Для мяне вельмі цікавая беларуская мова, беларускія танцы, культура беларускага народа ўвогуле, асабліва вясковая культура. Да того ж, мяне цікавіць такое пытанне як самасвядомасць беларусаў. У Іркуцку з гэтым вельмі складана, бо ў нас там больш за 150 розных нацыянальнасцяў. І на дзяржаўным узроўні да рускіх ставяцца лепш, чым да астатніх. І таму пытанне самасвядомасці складанае. Каб стаць упэўненай у сабе асобай, кожны павінен ведаць, хто ён, што ён. Толькі ў гэтым выпадку ён зможа нармалёва жыць, працаваць. Гэтае пытанне мяне вельмі клапоціць, таму я працую з моладдзю не толькі з тым, каб яны ведалі свае карані, сваю мову, але і з тым, каб яны добра адчувалі сваё асяроддзе сярод іншых нацыянальнасцяў. Гэта вельмі радуе, калі я бачу людзей, якія з цягам часу становяцца больш упэўненымі ў сабе, пачынаюць лепш працаваць, якія гавораць “Я беларус” і робяць шмат для таго, каб беларуская культура адраджалася. Гэта для мяне вялікае задавальненне.
- Улічваючы сітуацыю з нацынальнасцямі ў Іркуцку, мабыць, калі чалавек гаворыць, што ён беларус, то яго ўжо можна лічыць ўпэўненай ў сабе асобай, бо для гэтага таксама патрабуецца пэўная доля мужнасці?
Я з гэтым не згодна. Людзі, безумоўна, ёсць розныя. І калі ў армянскай сям’і, напрыклад, дачка ведае, што мама ў яе – армянка, тата – армянін, то яна таксама будзе ведаць, што яна армянка і будзе гаварыць, што яна армянка. У іх сям’і ўшаноўваецца армянская культура, і ўвогуле яны больш кансерватыўныя. А беларусы могуць ведаць, што іх бацькі беларусы і яны самі таксама беларусы, але пра гэтым не ведаць ні беларускай мовы, ні беларускай культуры і нічога не рабіць для таго, каб вакол было беларускае асяроддзе, каб падтрымліваць беларускасць. Па-мойму, проста казаць “Я беларус” – гэта нічога не казаць. Трэба штосьці рабіць, трэба сябе беларусам адчуваць, а не проста казаць.
— Чым асабіста вы займаецеся? Я чула, што Вы захапляецеся беларускімі рушнікамі.
Я вышываю, тку на кроснах. Мяне, безумоўна, цікавяць беларускія рушнікі. Я ніколі не бяру чагосьці новага,бо ў беларусаў усё ўжо ёсць. Арнаменты беларускіх рушнікоў -- гэта вялікая каштоўнасць.
Першы рушнік, які саткала Вольга
- У Вас ёсць нейкія сваякі ў Беларусі?
Я не ведаю ніякіх сваякоў ні ў Мінску, ні па Беларусі. Справа ў тым, што мае продкі, а дакладней прабабулі і прадзядулі з’ехалі з Беларусі ў 1936 годзе. Прычым, з’ехалі амаль усім родам. Па-другое, вельмі цікавая гісторыя адбылася з маёй прабабуляй з бацькавага боку. Мая прабабуля – Варвара Дарашкевіч – жыла недзе ў Гродзенскай губерніі, у яе яшчэ быў меншы брацік. Калі яна была яшчэ маленькай, нечакана загінуў яе бацька, маці чамусьці адразу іх сабрала і яны селі ў цягнік і і пераехалі недзе ў Гомельскую вобласць. Маці ў хуткім часе таксама загінула. Маёй прабабулі тады было дзесьці 13-14 год. Калі ёй было 17 год яна прыняла шлюб з маім дзядулем – Іванам Галанавым. У хуткім часе ў іх нарадзіліся хлопчык і дзяўчынка. І яны чамусьці сабраліся і накіраваліся ў Сібір. Калі ў Сібіры яны пачалі паціху абжывацца, пабудавалі хату, майго прадзядулю пасадзілі на 20 год. Невядома за што. Таму мае прабабуля і прадзядуля заўсёды былі закрытыя і іх заўсёды апаноўваў жах, калі пыталі: “А адкуль вы? Дзе вы жылі? Як там вам было?” Таму ніякай інфармацыі пра сваякоў у мяне няма, можа, яны і ёсць, але я пра іх не ведаю.
- Якія Вашыя ўражанні ад Мінска, ад Беларусі?
Калі я была ў Мінску 4 гады назад, то заўважыла, што ў параўнанні з Іркуцкам людзі больш адкрытыя. У горадзе чысценька не таму, што прыбіраюць, а таму што людзі такія, у іх культура такая. Яшчэ мяне ўразіла, што 4 гады таму моладзь і людзі больш сталага веку амаль не палілі, калі палілі, то рэдка. Але зараз, праз чатыры гады, я бачу, што колькасць людзей, якія паляць, узрасла да нябёс, шмат стала людзей, якія ўжываюць у сваёй мове не толькі рускія словы, але і мат. І увогуле людзі змяніліся, трошкі, але змяніліся, яны сталі больш закрытымі. Напрыклад, у крамах я заўсёды звяртаюся па-беларуску, і гэтым разам мне ўсё часцей і часцей гавораць, каб я ішла вучыць рускую мову. Але ў той жа час сустракаюцца на вуліцах абсалютна незнаёмыя людзі, якія адказваюць па-беларуску, калі да іх звяртаешся па-беларуску. Прычым, адказваюць на чыстай беларускай мове без русізмаў. Гэта вельмі прыемна.
Гутарыла Таццяна Печанко, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”