18 верасня сябры Севастопальскага таварыства беларусаў імя М. Багдановіча "Пагоня" адзначылі Дзень нацыянальных сімвалаў Беларусі: герба "Пагоня" і бел-чырвона-белага сцягу, а таксама 20-годдзе Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.
У гэты дзень ля магілы Максіма Багдановіча ў Ялце былі зачытаны вершы паэта, ускладзены кветкі на магілу і ўсталяваны нацыянальны сцяг і сцяг ТБМ.
19 верасня ля помніка Аляксандру Казарскаму ў Севастопалі быў усталяваны бел-чырвона-белы сцяг, а таксама прадэманстраваны сцяг ТБМ.
20 верасня адбыўся сход Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня", на якім вялася размова пра ТБМ. Удзельнікі азнаёміліся з беларускімі газетамі, беларускімі кнігамі, выданымі Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” і іншай беларускай літаратурай. Старшыня таварыства Валеры Барташ распавёў пра вынікі працы Пятага з’езду беларусаў свету, удзельнікі пазнаёміліся з выніковымі дакументамі з’езду.
26 верасня адбылася дыскусія, арганізаваная старшынём таварыства “Пагоня” Валерам Барташам, на тэму “Другая сусветная вайна: наступствы для Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны”. Удзельнікі канферэнцыіі – прадстаўнікі розных палітычных поглядаў, падзяліліся сваімі меркаваннямі на гэтую тэму, а таксама пазнаёміліся з беларускімі кнігамі і газетамі. Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя двухтомніка Сяргея Шапрана "Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах”. Валеры Барташ пазнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з матэр’яламі Пятага з’езду беларусаў свету, расказаў пра 20-годдзе ТБМ імя Ф. Скарыны, гісторыю яго стварэння і ролю ў абароне беларускай мовы. Удзельнікі канферэнцыі адзначылі таксама Дзень еўрапейскіх моваў. Прагучалі вершы на беларускай, літоўскай і рускай мовах. Айцец Серафім (Чыкіта) прачытаў на беларускай мове малітву за беларускі народ і беларускую культуру.
Паводле інфармацыі Валерыя Барташа