Яраслаў Іванюк: “Да 2007 года інтэрнэт-бібліятэка kamunikat.org існавала "па-партызанску"

kamunikat.orgБеларуская інтэрнэт-бібліятэка www.kamunikat.org, створаная як прыватная ініцыятыва на грамадскіх пачатках, дзейнічае дзевяты год. Па сучасных мерках, не так і мала. Праўда, дзейнічае яна не ў Беларусі, а ў Польшчы (можа, таму і паспяхова ).

ЯК УСЁ ПАЧАЛОСЯ

Аўтарам ідэі і стваральнікам Беларускай інтэртнет-бібліятэкі з'яўляеца Яраслаў Іванюк. А пачалося ўсё ў 2006 годзе, калі Яраслаў вырашыў перанесці матэрыялы з бюлетэню слухачоў беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія, у якой ён працаваў у інтэрнэт. Гэты бюлетэнь рэдакцыя выдавала цягам некалькіх гадоў і Яраслаў быў яго рэдактарам. У ім публікавалася шмат матэрыялаў, якія раней гучалі ў эфіры. Была рубрыка “Гістарычнае падарожжа”, вядучым якой і быў Яраслаў. Рубрыка складалася з размоваў з беларускімі гісторыкамі як з Польшчы, так і з Беларусі. Аказалася, што, калі бюлетэнь з’явіўся ў інтэрнэце, менавіта гэтая рубрыка пачала карыстацца найбольшай папулярнасцю сярод наведвальнікаў. Тады Яраслаў Іванюк разам са старшынём Беларускага Гістарычнага Таварыства, што дзейнічае ў Беластоку, Алегам Латышонкам і рэдактарам Беларускага гістарычнага зборніка Яўгенам Мірановічам, вырашылі мы выкласці ў інтэрнэт спачатку Зборнік, а пазней і кнігі, выдадзеныя Таварыствам”. Так і быў пакладзены пачатак праекту Камунікат.org.

ПРА ПАМОЧНІКАЎ ДЫ ПАРТНЁРАЎ

На працягу амаль сямі гадоў напаўненнем сайту займаўся адзін Яраслаў. “Хаця на самым пачатку не было б гэта магчымым без дапамогі двух асобаў: маёй жонкі Дануты, якая навучыла мяне, як ствараюцца інтэрнэт- сайты з выкарыстаннем коду HTML і Аляксандра Максімюка, які ў гэты час быў сакратаром рэдакцыі Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” і займаўся выдавецкай справай”, — кажа Яраслаў.

Менавіта Аляксандр Максімюк вярстаў кнігі і часопісы, што выдаваліся Праграмнай Радай тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, Беларускім гістарычным таварыствам, а таксама Беларускім літаратурным аб’яднаннем “Белавежа”. Ад яго пасля згоды выдаўцоў і аўтараў і атрымаў Яраслаў дзесяткі (калі не сотні) звярстаных беларускіх кніг і часопісаў, што выдаваліся ў Польшчы.

Аляксандр Максімюк, дарэчы, таксама з’яўляецца аўтарам Камунікат.org у ягоным цяперашнім выглядзе з усімі функцыямі.

У 2007-2008 гадах праект ажыццяўляўся ў супрацоўніцтве з рэдакцыяй часопісу "Палітычная Сфера". У бягучым годзе галоўным партнёрам праекту з беларускага боку з’яўляецца Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Зараз над сайтам пастаянна працуе некалькі чалавек. Апрача Яраслава, гэта Наталля Герасімюк, якая стварыла самую буйную ў Польшчы бібліятэку з беларускіх кніг у Беларускім музеі ў Гайнаўцы. Наталля ў асноўным займаецца апрацоўкай файлаў, якія пазней трапляюць на сайт. Таксама дапамагае Алесь Кушнер — ён прадстаўляе ЗБС Бацькаўшчына пры бібліятэцы і займаецца перамовамі з беларускімі аўтарамі і выдаўцамі, кнігі якіх пасля выкладаюцца на сайце. Апроч гэтых людзей, над сайтам працуюць праграміст, людзі, якія займаюцца сканаваннем OCR і карэктурай тэкстаў ды перакладчыкі. Каманда праекту — не больш за дзесяць чалавек.

ПРА ДАФІНАНСАВАННЕ ДЫ ПАШЫРЭННЕ ДЗЕЙНАСЦІ

Паступова папулярнасьць сайту расла. І Яраслаў пачаў весці перамовы з беларускімі выдаўцамі. Найперш з Беларускім літаратурным аб’яднаннем “Белавежа” ды Праграмнай Радай тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, а пазней — і з выдавецтвамі з Беларусі.

Яраслаў пачаў выходзіць і на асобных аўтараў, якія звычайна вельмі станоўча ставіліся да ідэі размяшчэння на сайце сваіх твораў. Такім чынам, сціплы сайт пачаў паступова пераўтварацца ў сапраўдную бібліятэку.

“Хаця трэба прызнаць, — кажа Яраслаў, — што да 2007 годаа бібліятэка стваралася “па-партызанску” — я рабіў яе як умеў — сам вывучыў HTML-код. Аднак калі высветлілася, што над васьмі сотнямі публікацый цяжка запанаваць, я пачаў шукаць нейкага фінансавання. Паколькі не мог гэтага рабіць як прыватная асоба, вырашыў перадаць бібліятэку пад шыльду Беларускага Гістарычнага Таварыства, сябрам якога я з’яўляюся, і чые кнігі першымі выклаў у інтэрнэце”.

Атрымаць фінансаванне з польскага міністэрства замежных спраў удалося ў рамках існуючай там праграмы “Польская Замежная Дапамога”. Дзякуючы гэтай дапамозе і была створана сучасная інтэрнэт–бібліятэка, якая ўвесь час развіваецца і пашыраецца.

“Калі я першы раз пачаў шукаць фінансавай падтрымкі для гэтага праекту, мой сябра з Мінска сказаў: “Даволі складана знайсці падтрымку для праекту, які, па сутнасці, павінен фінансавацца беларускай дзяржавай. А менавіта такім праектам з’яўляецца Камунікат.org”. Але пакуль дзейнічаем за грошы польскага ўраду і іншых замежных грантадаўцаў”, — дадае Яраслаў.

У 2007 годзе у бібліятэцы было800 публікацый, а зараз на сайце 3600 беларускіх публікацыяў: кніг, часопісаў, газет, файлаў mp3... Пашыраецца таксама яе функцыянальнасць. Сёння на Камунікат.org дзейнічаюць каталогі, што дапамагаюць знаходзіць неабходныя артыкулы, дакументы або кнігі паводле лексічнага (пошук па элементах кірыліцы, лацінцы або па лічбах) і лагічнага (артыкулы і кнігі па аўтары, па загалоўку; часопісы па загалоўку і даце выхаду) парадкаў, а таксама пошукавыя сістэмы, падпіска RSS, спіс топ-выданняў. Ёсць таксама каталог кніг, якія ў папяровым варыянце можна знайсці ў бібліятэцы Беларускага Гістарычнага Таварыства.

Таксама ў бібліятэцы Камунікат.org ёсць гукавыя файлы ў папулярным фармаце mp3, відэа (праўда, пакуль няшмат), гутаркі з пісьменнікамі, запісы радыёперадач, навіны.

ПРА АДРОЗНЕННІ

Камунікат.org — не адзіная электронная беларуская бібліятэка на сённяшні дзень. Чым жа адрозніваецца праект Яраслава Іванюка ад іншых?

“Стараемся ў нашай бібліятэцы сабраць самую разнастайную літаратуру і перыёдыку, якая ў якой-колечы ступені датычыць Беларусі ці беларусаў, — дзеліцца Яраслаў. — Тут можна таксама пазнаёміцца з навінкамі друку розных краінаў свету — усё, што выдаецца беларусамі і пра беларусаў: навуковыя даследаванні, слоўнікі, метадычныя дапаможнікі, матэрыялы, што маюць сувязь з беларускасцю ва ўсіх яе праявах. Іншыя бібліятэкі ўсё ж, як мне здаецца, абмежаваныя нейкай тэматыкай”.

Бібліятэка Камунікат.org папаўняецца амаль кожны дзень. Часта бывае так, што ў адзін дзень на сайт трапляе па 10, а то і 20 новых публікацый — кніг, нумароў газет, часопісаў, файлаў mp3. Гэтага нельга сказаць пра іншыя існуючыя бібліятэкі.

Файлы mp3 — таксама адна з істотных асаблівасцяў бібліятэкі. Найперш гэта беларускія аўдыёкнігі, радыёперадачы, прысвечаныя беларускай літаратуры, кнігам, пэрыёдыцы ды і наогул — беларускай культуры, што з’яўляюцца ў эфіры Беларускага Радыё Рацыя, Беларускай Рэдакцыі Польскага Радыё для Замежжа ды Польскага Радыё Беласток.

ПРА ПРАЕКТ “БЕЛАРУСКІЯ АЎТАРЫ”

Праект “Беларускія аўтары” быў задуманы яшчэ тады, калі бібліятэка не мела фінансавання. Тады Яраслаў уручную стварыў больш за 10 персанальных сайтаў беларускіх пісьменнікаў. Зараз іх — больш за 60. Сярод аўтараў як шырокавядомыя пісьменнікі Эдуард Акулін, Уладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Леанід Дранько-Майсюк, Віктар Жыбуль, так і меней вядомыя Міхась Андрасюк, Сяргей Ёрш, Ганна Кандрацюк- Свярубская, Мікалай Яцкоў...

Праект дзейнічае на аснове базы дадзеных сайта Камунікат.org. Дзякуйчы гэтаму, на персанальных старонках пісьменнікаў ёсць усе кнігі і артыкулы, што іх датычацца.

Кожны персанальны сайт утрымлівае фота аўтара, кароткую інфармацыю пра яго, а таксама пералік кніг, што знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі Камунікат.org. Ёсць таксама мажлівасць публікаваць артыкулы і творы, якіх няма ў рэсурсах бібліятэкі.

Прынцып праекту адзін — рабіць старонкі тым беларускім аўтарам, кнігі якіх знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі Камунікат.org. Вядома ж, неабходна ініцыятыва з боку самога аўтара, які дасылае фотаздымак і біяграфію. Хаця часам біяграфія перадрукоўваецца з іншых крыніц.

“Ніводны з пісьменнікаў не адмовіўся, калі мы прапанавалі ім стварэнне ў рамках праекту Камунікат.org персанальнага сайту, — кажа Яраслаў. — Думаю, што прамоцыі беларускага слова ў інтэрнэце ніколі не будзе зашмат”.

ПРА ПРАЕКТ "БЕЛАРУСКІЯ ВЫДАЎЦЫ І ВЫДАВЕЦТВЫ"

Не так даўно распачаў працу новы праект — "Беларускія выдаўцы і выдавецтвы". У яго межах ствараюцца старонкі з інфармацыяй пра беларускія выдавецтвы і выдаўцоў, пра выдадзеныя кнігі (амаль ўсе знаходзяцца ў рэсурсах Камунікат.org).

Зараз у межах праекту “Беларускія выдаўцы і выдавецтвы” прадстаўлены 9 старонак: Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, Беларускага Інстытута навукі і мастацтва, Беларускага кнігазбору, выдавецтва “Галіяфы”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выдавецтва “Народная асвета”, Праграмнай рады тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, выдавецтва “Pro Christo”, выдавецтва “Тэхналогія”.

Праект "Беларускія выдаўцы і выдавецтвы" дае магчымасьць больш лёгка вандраваць па зборах Беларускай Інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат.org ды знаёміцца з навінкамі друку, а таксама напрамкамі дзейнасці асобных выдавецтваў і выдаўцоў.

ПРА ПЛАНЫ

У бліжэйшых планах бібліятэкі — чарговы праект "Выдавецкія серыі".

Як і раней, Бібліятэка Камунікат.org будзе папаўняцца новымі выданнямі, будуць сканавацца кнігі, якіх няма ў электронным выглядзе. Таксама Яраслаў паабяцаў імкнуцца прыцягнуць да супрацоўніцтва новых аўтараў і выдаўцоў. Акурат зараз вядуцца размовы з некалькімі беларускімі выдавецтвамі і выдаўцамі з мэтай атрымання права на публікацыю шэрагу беларускіх кніг, што выйшлі ў апошнія гады.

“Планаў наагул шмат, — дзеліцца Яраслаў, — але не пра ўсе хацелася б распавядаць. Няхай хаця некаторыя нашыя дзеянні ды новыя прапановы будуць неспадзяванкай” :).

------------------------------------------------------

Яраслаў Іванюк

Яраслаў Іванюк — выпускнік беларускага ліцэя імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. Закончыў гістарычны факультэт Варшаўскага універсітэта. Радыёжурналіст. Аўтар радыё-рэпартажаў пра беларусаў Беласточчыны ды палітычную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. Рэпартажы (у сааўтарстве з Юркам Ляшчынскім) "Фэномен" пра прэзідэнта А. Лукашэнку і "Жыве Беларусь!" пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2006 годзе прадстаўлялі Польскае Радыёвяшчанне на прэстыжных міжнародных конкурсах Prix Europa’2000 ды Prix Italia’2006. Працаваў на Радыё Палёнія (1992-1996 гг.) і на Радыё Беласток (1996-2008 гг.). З канца красавіка 2008г. – праграмны дырэктар Радыё Рацыя.

Ася ПаплаўскаяСайт "Родныя вобразы"