Год таму быў створаны Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы.Яго інаугурацыя, што сабрала шмат паважаных асоб як з польскага, так і беларускага боку, прайшла летам 2008-га ў Беластоку.
З цяперашнім кіраўніком Культурнага цэнтра, саветнікам пасольства Беларусі ў Польшчы Аляксандрам Карачуном размаўляе Іван Ждановіч.
— Аляксандр Юр’евіч, што можаце ўзгадаць з мерапрыемстваў Культурнага цэнтра?— Іх вельмі шмат… Мы ладзілі, напрыклад, Дні беларускага кіно. Паказвалі беларускамоўныя фільмы, такія, як “Анастасія Слуцкая”, выдатную кароткаметражку “Колеры кахання”, мультфільмы і навукова-папулярныя стужкі. Правялі і агульнапольскі конкурс “Пазнай Беларусь”, у ім было больш за 120 удзельнікаў з гімназій, ліцэяў, школаў і нават садкоў. На конкурс падаваліся як літаратурныя, паэтычныя творы, так і сачыненні пра Беларусь, фотаздымкі, малюнкі. Юныя мастакі шукалі лагатып конкурсу. Карацей, конкурс атрымаўся. Дарэчы, інфармацыя пра яго была і ў беларускіх СМІ, нават з Ваўкавыска дзеці дасылалі матэрыялы, а можна было пісаць і па-беларуску, і па-польску. Пераможцы атрымалі каштоўныя прызы, а ўшаноўвалі мы лепшых у Падляскай філармоніі. — Напэўна, не абышлося і без выстаў?— Вядома ж! Прычым не толькі мастакоў, але і фотамайстроў запрашаем. У Польшчы, напрыклад, выстаўляліся Леанід Гоманаў, Аляксандр Мацвеенка і яго жонка Тамара Батакова. Праходзіла выстава маладых мастакоў: Васіля Пешкуна і яго жонкі Ганны Селівончык, Таццяны Грыневіч і Ірыны Дударавай. Прадстаўлялі і юных мастакоў з Мінска – навучэнцаў гімназіі–каледжа імя І.Ахрэмчыка. Мы арганізоўвалі таксама выставы работ фотаклуба “Гродна”, фотамайстра Аляксандра Ласмінскага. У маі рабілі выставу “Святкаванне Дня Перамогі ў Гродне” – гэта, на мой погляд, вельмі цікавы праект, бо на фота відаць і горад, і атмасфера свята. Увогуле штомесяц у нашых залах экспазіцыя зменьваецца, а выставы мы паказваем у Лодзі, Гайнаўцы, Гданьску, Бялай Падлясцы ... Карацей, дзейнічаем па ўсёй Польшчы. Акрамя таго, мы арганізуем і выезды беларускіх дзяцей з Польшчы, а таксама этнічных беларусаў старэйшага ўзросту ў нашу краіну, наладжваем экскурсіі ў Белавежскую пушчу.— У Беларусі нямала санаторыяў. І беларусы замежжа, наколькі мне вядома, ахвотна едуць сюды: здароўе падмацаваць, дый і радзіму адведаць…— Ведаем пра гэта, маем намер выкарыстоўваць і такі патэнцыял. Бо, як вядома, найлепш спасцігаеш краіну, калі пажывеш у ёй тыдзень-другі, пагаворыш з людзьмі, а не проста прыедзеш на экскурсію. Зрэшты, Культурны цэнтр садзейнічае наладжванню самага шырокага супрацоўніцтва. І найперш – паказваючы тыя духоўныя багацці, якія ў нас ёсць. Бо калі людзі лепш ведаюць адзін аднаго, то хутчэй знаходзяць паразуменне.— Як увогуле складваецца супрацоўніцтва з беларусамі Польшчы?— Найлепшым чынам! Дарэчы, я не стамляюся гаварыць: у Польшчы жывуць этнічныя беларусы, а не дыяспара. Спрадвеку жылі і будуць жыць. Мы падтрымліваем беларускасць, якая там склалася гістарычна, і што даўно культывуецца, напрыклад, Беларускім грамадска-культурным таварыствам. Ёсць падтрымка нашых захадаў і ў Беларусі: з боку апарата Упаўнаважанага, Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі. А ў нас цяпер столькі кірункаў, пачаткаў дзейнасці, што на ўсё, як гаворыцца, рук не хапае. Хаця працуюць у Цэнтры ўсяго два чалавекі, я і намеснік, але мы вельмі шырока абапіраемся на грамадскі актыў. — Неяк на круглым стале ў вас запыталі, ці ёсць пры Цэнтры творчыя калектывы, і вы адказалі, што гэта не прадугледжана ў сілу спецыфікі вашай працы…— Гэта сапраўды так, бо нямала творчых гуртоў ёсць у тых суполках у Польшчы, з якімі мы цесна супрацоўнічаем. А іх, заўважу, з паўтара дзесятка. Наш Цэнтр прадстаўляе, прэзентуе нашу культуру на тэрыторыі ўсёй Польшчы. У нас ёсць добры будынак, плошчаў каля 160 квадратных метраў. Адкрылася і бібліятэка з чытальнай залай. Так што месца хапае. Мы таксама каардынуем працу суполак на ніве культуры і падключаемся там, дзе патрэбна падтрымка з боку дзяржавы. Скажам, у маі з дапамогай Цэнтра ў Мінску на Міжнароднай выставе “СМІ ў Беларусі” ў складзе дэлегацыі прадстаўнікоў беларускамоўных СМІ Польшчы пабываў пісьменнік Ян Чыквін — старшыня Беларускага літаб’яднаня “Белавежа”, прафесар Беластоцкага універсітэта і галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса “Тэрмапілы”. Наш Цэнтр фінансаваў таксама выданне ў Польшчы трох кніжак беларускіх паэтаў: дзіцячых вершаў Віктара Шведа (яго можна лічыць класікам у гэтым жанры), а таксама Юркі Буйнюка (з малодшых у плеядзе паэтаў Беласточчыны) і Юрыя Баены. Цікавы кірунак нашай дзейнасці — далучэнне студэнтаў, навучэнцаў школ да мерапрыемстваў, што ладзяцца ў Культурным цэнтры. У прыватнасці, у нас была прэзентацыя фільма “Эпоха Міцкевіча”, падрыхтаванага Белтэлерадыёкампаніяй, і для студэнтаў польскай філалогіі гэта было цікава. Да нас таксама з задавальненнем прыходзяць і малодшыя школьнікі са сваімі настаўнікамі. Спадзяемся, што наша праца бу-дзе і надалей спрыяць развіццю супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Польшчай у галіне культуры.