У суботу 19 верасня сябры Іркуцкага Маладзёжнага клуба “Крывічы” правялі тэматычныя вячоркі, прысвечаныя старажытнаму беларускаму абраду "Багач".
Багач - гэта вялікае свята ў жыцці беларускай вёскі. Калісьці, калі жніво падыходзіла да канца, пакідалі нязжатую жменю жыта, — дзедаву ці божую “бараду”, потым кусцік зажыналі, перавязвалі стужкай, гаварылі замову і ўрачыста, з песнямі і жартамі неслі дадому. Гэта і быў Багач. Яго заносілі ў двор тым, каму жадалі багацця і шчасця. Багач, згодна з павер’ем, забяспечваў дому здароўе ды багацце.
Падчас беларускіх вячорак госці маглі не толькі пазнаёміцца з тым, як старажытныя беларусы праводзілі абрад «Багач», але і навучыцца танчыць беларускія народныя танцы і пачаставацца адмыслова прыгатаваным да свята караваем.
Паводле інфармацыі Алега Рудакова