Рафаэль Лемкін (1900-1959), стваральнік слова “генацыд” і аўтар Канвенцыі ААН аб прадухіленні і пакаранні злачынстваў генацыду, нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 г. у вёсцы Бязводнае недалёка ад Ваўкавыска на Гарадзеншчыне.
Бацька Лемкіна быў “ішэўнікам” – габрэем-селянінам, матка была адукаванай жанчынай, настаўніцай, ад якой Лемкін пераняў прагу да кніг і навучання. У сваіх успамінах Лемкін шмат месца прысвячае дзяцінству, роднай вёсцы, навакольнай прыродзе, жыхарам свайго краю. Калі сям’я перасялілася ў Ваўкавыск, Р. Лемкін, займаючыся дома разам з братамі, вывучыў падставовыя навукі ды некалькі замежных моваў, і паступіў у вучэльню ў Беластоку. Затым Рафаэль Лемкін вывучаў філалогію ва Унівэрсітэце Яна-Казіміра ў Львове, філасофію ў Гайдэльбергу, але вырашыў стаць юрыстам.
Пасля заканчэння вучобы ў 1929 годзе ён стаў сакратаром у акруговым судзе ў Варшаве. Працаваў пракурорам у Бжэжанах, быў сакратаром Камісіі па кадыфікацыі законаў Польскай Рэспублікі, якая распрацоўвала карнае заканадаўства Польшчы. Лемкін таксама выкладаў у школе “Тахкэмані” ў Варшаве і пераклаў па-ангельску Польскі карны кодэкс 1932 г.
Ад часоў дзяцінства Лемкіна цікавілі пытанні пераследу цэлых народаў, ён быў сведкам пераследу гэбраяў у Расейскай імперыі а пасля – у незалежнай Польшчы; шмат чытаў пра пераслед армянаў у Асманскай імперыі падчас 1-й Сусветнай вайны. Як пісаў пазней Лемкін, яго заўсёды цікавіла і непакоіла, чаму забойства аднаго чалавека было ясна і недвухсэнсоўна вызначана ў праўніцкіх кодэксах як злачынства і адпаведна каралася, а забойства народаў, вялікіх групаў людзей ніяк не вызначалася і амаль заўсёды заставалася непакараным. Калі ў 1933 годзе адбылася разня асірыйцаў-хрысціянаў у паўночным Іраку, Лемкін канчаткова вырашыў прысвяціць сябе юрыдычным пытанням масавага забойства людзей і судовай адказнасці за гэта.
У тым-жа 1933 годзе Лемкін зрабіў даклад “Злачынства барбарызму” на канферэнцыі Лігі Нацый па міжнародным крымінальным праве ў Мадрыдзе, дзе Лемкін прапанаваў у адпаведнасці з міжнародным правам зрабіць масавыя забойствы злачынствам. Дзеля каментароў, якія Р. Лемкін зрабіў падчас абмеркавання свайго дакладу ў Мадрыдзе, пад ціскам польскага Міністэрства замежных справаў Лемкін звольніўся з свай пасады і пазней працаваў прыватным адвакатам у Варшаве, наведваў лекцыі ў Польскім вольным універсітэце. У 1937 годзе Лемкін браў у складзе польскай дэлегацыі ўдзел у 4-м Кангрэсе па крымінальным праве ў Парыжы, дзе прапанаваў канцэпцыю абароны міру праз крымінальнае права. Калі пачалася Другая Сусветная вайна, Лемкін быў мабілізаваны, браў удзел у абароне Варшавы і быў паранены. У 1940 годзе яму ўдалося праз Літву перабрацца ў Швецыю, дзе ён чытаў лекцыі, інфармаваў пра пераслед гэбраяў немцамі, таксама пра пераслед Саветамі “сацыяльна-чужых” на далучаных да СССР абшарах.
У 1941 г. Лемкін пераехаў у ЗША і стаў выкладаць у Д’юк-універсітэце ў Паўночнай Караліне, а ў 1942 г. выкладаў у Школе ваеннага кіравання пры Універсітэце Вірджыніі. Тады ён напісаў працу “Ваеннае кіраванне ў Еўропе”, а ў 1943 г. быў прызначаны кансультантам пры Камітэце ЗША па эканамічнай вайне і замежным эканамічным адміністраванні. Пазней, дзякуючы сваім ведам у міжнародным праве, Лемкін стаў спецыяльным дарадцам па замежных справах у Ваенным дэпартаманце ЗША. У 1944 годзе была надрукавана найбольш важная кніга Рафаэля Лемкіна – “Панаванне краінаў Восі ў акупаванай Еўропе: акупацыйныя законы, аналіз кіравання, прапановы па зыску шкоды”. У гэтай працы Лемкін аналізаваў кіраванне нацыстаў у акупаваных краінах падчас вайны, і ўпершыню ўжыў тэрмін “генацыд” (людабойства), які ён вынайшаў для вызначэння злачынства па вынішчэнні вялікіх этнічных, рэлігійных ды іншых групаў людзей.
Ідэя Рафаэля Лемкіна пра генацыд і адказнасць за яго неўзабаве стала адной з галоўных праўных падвалінаў Міжнароднага трыбуналу супраць нацыстоўскіх злачынцаў у Нюрнбэргу. У 1945-1946 гг. Лемкін быў дарадцам Вярхоўнага Суду ЗША і Галоўнага пракурора Нюрнбэрскага Трыбуналу Робэрта Джэксана. Кніга Лемкіна (перавыдадзеная напачатку 1946 г. у Лондане), а таксама канцэпт генацыду быў шырока ўжываны падчас Нюрнберскага Трыбуналу.
Лемкін быў моцна прыгнечаны весткамі пра гібель большасці ягоных сваякоў у Ваўкавыску падчас вайны (выжыў ягоны брат, высланы Саветамі ў Сібір). Пагром у Кельцах, працяг пераследу гэбрэяў у паваеннай Польшчы, нацыянальны ўціск супраць нерасейскіх народаў СССР узмоцнілі перакананасць Р. Лемкіна ў неабходнасці ўвядзення міжнароднага пакарання за ўсе праявы генацыду. Ён прадставіў свой накід дакумента пад назвай “Канвенцыя аб прадухіленні і пакаранні генацыду” прадстаўнікам шэрагу краін-сябраў ААН. У гэты-ж час Лемкін, што стаў выкладчыкам Ельскага ўнівэрсітэту, актыўна публікуецца ў амерыканскім і замежным друку па пытаннях адказнасці за злачынствы супраць чалавецтва, падкрэслівае неабходнасць выпрацоўкі нормаў міжнароднага права, што не дапускалі-б паўтарэння жахаў 2-й сусветнай вайны ды іншых праяваў генацыду ў гісторыі чалавецтва. Між іншага, Лемкін разглядаў разбурэнне нацыянальна-культурных структураў аднаго народу і замену яе нацыянальна-культурнымі структурамі другога народу як адну з праяваў генацыду і таму злачынствам (узгадаем разбурэнне і замену беларускіх нацыянальна-культурных структураў расейскімі ў сённяшняй Беларусі).
Лемкін актыўна кантактаваў з уплывовымі амерыканскімі кангрэсменамі, сенатарамі, палітыкамі, з былым віцэ-прэзідэнтам і кандыдатам у прэзідэнты Генры Ўоласам, удавой Рузвэльта Элінор, прадстаўніком ЗША ў Генасамблеі ААН Джонам Фостарам Далесам. Актыўна супрацоўнічаў з арганізацыямі выхадцаў з Усходняй Еўропы, асабліва палякамі, украінцамі і літоўцамі, і з гэбрэйскімі арганізацыямі ў справе падтрымкі і лабіявання Канвенцыі. Пасля года абмеркаванняў і дыскусій у Аб’яднаных Нацыях прапанаваная Лемкіным Канвенцыя пра недапушчэнне генацыду была прынятая 9 снежня 1948 годау, за дзень да прыняцця Сусветнай Дэкларацыі аб правах чалавека. Праз 3 гады Канвенцыя была ратыфікаваная дастатковай колькасцю краінаў і набыла юрыдычную сілу, робячы генацыд міжнародным злачынствам. Далей паняцці генацыду і правоў чалавека часцяком перасякаліся і выкарыстоўваліся адно супраць другога ў міжнародным палітыкаванні ў часы халоднай вайны. Злучаныя Штаты не ратыфікавалі Канвенцыю пры жыцці Р. Лемкіна, з-за шэрагу чыннікаў, сярод якіх – апазіцыя ўплывовага кола паўднёвых сенатараў, а таксама іншых палітыкаў, што ўважалі Канвенцыю за мажлівы інструмент ціску на ЗША з боку Саветаў ды іхных сатэлітаў з-за тагачасных расавых праблем у Амерыцы.
Пасля высілкаў Р. Лемкіна па падрыхтоўцы і агітацыі за прыняцце Канвенцыі, што будуць пазней названыя даследчыкамі “надчалавечымі”, жыццё Рафаэля Лемкіна пайшло згары. Ён быў звольнены з Елю дзеля шматлікіх адсутнасцяў у справах Канвенцыі, не меў пазней адэкватных сродкаў для існавання, і памёр, збольшага забыты светам, 28 жніўня 1959 года.
На прыканцы мінулага -- пачатку цяперашняга стагоддзя памяць пра Рафаэля Лемкіна стала паступова адраджацца, ААН ушанавала яго памяць на 50-я ўгодкі прыняцця Канвенцыі; былі напісаныя навуковыя даследаванні, артыкулы, нават п’еса. Ідэі Лемкіна пра генацыд і вынішчэнне нацыянальнай культуры як ягоны аспект застаюцца надзённымі і важнымі для сённяшняй Беларусі, дзе пад суверэнным, нібыта беларускім, урадам працягваецца этнацыд беларусаў.
Віталь Зайка, газета ”Беларус”