Як мінскі студэнт стаў прадзюсерам незалежнага кіно ў ЗША

Сяргей КрасікаўЁн вучыўся ў Лінгвістычным ўніверсітэце і працаваў у галоўнай незалежнай газеце Беларусі . Але аднойчы вырашыў выпрабаваць амерыканскую мару і падаўся за акіян. Паспрабаваў цяжкага хлебу на нью-ёркскіх будоўлях, адмовіўся ад неблагіх фінансавых перспектыў у бізнесе і заняўся тым, што было па душы – кіно і дакументалістыкай.

Сёння імя Сяргея Красікава  сустракаецца ў самых аўтарытэтных электроных кінабазах ЗША - IMBD і The New York Times Movie Review. Шэраг фільмаў, якія ён прадзюсіраваў або здымаў, атрымалі прызнанне на некалькіх вядомых кінафестывалях. Пры гэтым беларус гаворыць, што ён не імкнецца ў Галівуд, а хоча здымаць праблемнае дакументальнае кіно. Што ён і робіць разам з каханай  Крысцінай Ворас (Christina Voros) – амерыканкай вянгерскага паходжання, якую аўтарытэтны часопіс Filmmaker назваў адной з 25 самых перспектыўных рэжысёраў незалежнага кіно Амерыкі.

Сяргей Красікаў і Крысціна Ворас

Сяргей Красікаў і Крысціна Ворас на адкрыцці фестываляGen Art Film у Нью-Ёрку (сакавік 2008).

- Сяргей, з чаго пачыналася твая амерыканская гісторыя?

- Па прыездзе ў Штаты, як і многія ў падобнай сітуацыі, падаўся на будоўлю. Жыў пад сталом у знаёмых у Брукліне, працаваў у Манхэтэне. Разбураў старыя будынкі, быў цесляром, электрыкам і г.д. Папрацаваў і на Брайтане. Трэба сказаць, гэта дзіўнае месца. За акіян па-ранейшаму прыязджае шмат людзей з былога Саюзу, якім трэба таннае жытло і праца. Усё гэта яны заходзяць там. Праўда, працаваць, даводзіцца да 14  гадзін у суткі за капейкі. Часу і грошай на вывучэнне англійскай няма, і людзі затрымліваюцца там на гады, па сутнасці, трапляючы ў залежнасць.

У кніжнай краме на Брайтане я  працаваў па 12 гадзін. Вольнага часу не было. Грошай (6 даляраў за гадзіну) ледзве хапала на жытло і харчаванне. Карацей, пратрымаўся там усяго тыдзень і сышоў. Ведаючы мову зрабіць гэта было значна прасцей.

Купіў польскую Нью-ёркскую газету  і празваніў усе аб’явы. Адгукнуўся амерыканец з курортнага гарадка на Лонг-Айлэндзе. Ён даўно вёў невялікі , але вельмі даходны будаўнічы бізнес, але расчараваўся ў прафесійных якасцях  амерыканцаў і шукаў сабе ў памочнікі менавіта ўсходнееўрапейца. Я адразу атрымаў жытло і машыну, затрымаўшыся на лонг-Айлэндзе на 3,5 гады. Спачатку думалася, што мне страшна пашчасціла з працай, якая адчыняла неблагія фінансавыя перспектывы. Але пасля я зразумеў, што стаўлюся да свайго занятку  выключна як да працы, але хацелася большага.

- Атрымліваецца, чатыры гады ты займаўся за акіянам  чарнавой працай. Як жа трапіў у кіно?

- Завязаўшы з будаўніцтвам, навучыўся рабіць сайты, але хутка адчуў, што гэта не маё. У нейкі момант  пачалі складвацца вобразы для кіназдымак. І я зразумеў, што мне хочацца займацца кіно.

Працу шукаў праз Інтэрнет. Спачатку – на бяплатнай аснове. Ты працуеш, вучышся, набіраешся вопыту, але табе за гэта нічога не плацяць. Здымаў на некалькіх фільмах аператарам, жыў у сяброў, харчаваўся часта ў месцах для  бяздомных, у крышнаітаў… Часам зімой, калі працы меней, даводзілася галадаць. Першы час было цяжка, але я вырашыў больш не  адлучацца ў іншыя прафесіі, каб не выпасць з кінасферы.

- А перадумовы для таго, каб займацца кіно былі?

- Мая мама яшчэ  ў савецкія часы працавала журналісткай на Беларускім тэлебачанні: рыхтавала рэпартажы, займалася дакументалістыкай. Канечне, была цудоўная магчымасць павучыцца, але меня гэта ніколі ўсур'ёз не цікавіла. Нават у студэнцкія гады і ўявіць сабе не мог, што буду здымаць кіно. Пасля, калі пачаў пісаць у «Беларускай дзелавой газеце», мне стала цікава адлюстроўваць рэальнасць.

За акіянам усё гэта ўзгадалася, і я вырашыў паспрабаваць сябе  ў кінадакументалістыцы. Вучыўся здымаць у нямецкага рэжысёра Каролы Рытэр, з якой пазнаёмілі сябры. Пасля зарабіў грошы і купіў камеру. Як раз у гэты час піцерскі знаёмы Жэня Кіперман, які ўжо даўно атабарыўся ў Амерыцы, здымаў фільм I Will Avenge You, Iago ("Я адпомшчу за цябе, Яго", 2004) і запрасіў стаць яго асабістым памочнікам. Так на працягу трох месяцаў я без усялякіх абавязкаў працаваў  на падрыхтоўцы і здымках паўнаметражнага фільма. Дапрацоўка сцэнару, адбор персаналу, пошук пляцовак, атрыманне ўсіх магчымых дазволаў, перамовы з акторамі, здымачны працэс, мантаж – Жэня паўсюль вадзіў мяне з сабой, я ўсё гэта бачыў і паралельна здымаў дакументальны фільм пра здымкі. Стужка ў агуле атрымалася добрая, але занадта разумная і камерная. Таму далей паказу на некалькіх фестывалях "Яго" не пайшоў.

- Мяркуючы па рэзюме, ты прайшоў усе стадыі стварэння кінапрадукта. Працаваў аператарам, фатографам, гукарэжысёрам, рэдактарам, мантажорам, рэжысёрам, прадзюсерам…

- Справа ў тым, што над дакументальнымі фільмамі, як правіла, працуе невялікая колькасць людзей. Таму даводзіцца сумяшчаць абавязкі і многае ўмець. У мастацкіх стужках, натуральна, і калектывы большыя, і на кожнага чалавека ўскладзены вузкія абавязкі. - Пра што быў першы вялікі фільм  з тваім непасрэдным удзелам?

- У  2004 годзе ў Нью-Ёрку, які традыцыйна лічыцца дэмакратычным штатам, адбылася рэспубліканская канвенцыя. На працягу тыдня на вуліцах горада не сціхалі стотысячныя  антыбушаўскія дэманстарцыі. І рэжысёр Чарльз Крэзел захацеў зрабіць паўнаметражку, змяшаўшы дакументалістыку з мастацкім фільмам. Сцэнар пісаўся і рэдагаваўся па ходу падзей. У нас былі ліпавыя "ксівы" ад розных тэлекампаній, і часам даводзілася бегаць ад паліцыі. У агуле па горадзе было арыштавана каля 2 тысяч чалавек. Іх завозілі ў муніцыпальны аўтагараж, арэндаваны на грошы Рэспубліканскай партыі, і трымалі да той пары, пакуль Буш не з’ехаў з горада.

Тыдзень восем аператараў (адным з каторых быў я) здымалі падзеі канвенцыі і яшчэ палтара тыдні – кватэрныя і вулічныя сцэны. 86-хвілінны Medium Hot (2004, трэйлер глядзець тут) быў зроблены з душой, але атрымаўся вельмі сырым і эксперыментальным. Зрэшты, і бюджэт фільма быў мізэрным: з кішэні рэжысёра і яго сяброў. Затое з Чарльзам Крэзелам – незвычайна свабодалюбівым і адукаваным чалавекам анархісцкіх поглядаў – мы з той пары і пасябравалі.

- На тваім сайце чытаў пра ўдзел у праекце для CNN "Амерыканскі джыхад".

- Пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года ўсплыла інфармацыя, што некалькті нью-ёркскіх мячэтаў, якія быццам бы фінансаваліся вахабітамі, заклікалі прыхаджан да свяшчэннай вайны супраць няверных. Пра гэта нават кнігу напісалі. І знаёмы рэжысёр вырашыў празандзіраваць глебу для дакументальнага фільма. CNN дало яму трохі грошай, і мяне з яшчэ адным хлопцам, абвешаных схаванымі камерамі і мікрафонамі, сталі пасылаць у падазроныя мячэты і кніжныя крамы. Паколькі службы вядуцца на арабскай мове, запісы потым расшыфроўвалі. Аднак, як аказалася, нічога анцізаконнага там не адбывалася, і праект закрылі.

- Які з тваіх праектаў самы паспяховы?

- Мабыць, ён яшчэ на перадзе. Цяпер на стадыі мантажу зназодзяцца некалькі дакументальных фільмаў, якія, спадзяюся, атрымаюцца паспяховымі і ў камерцыйным, і ў творчым плане. Ва ўсялякім разе, мы  саспелі для гэтага. Гэта Garden in Transit – расказ пра буйнейшы ў Нью-Ёрку грамадскі мастацкі праект (трэйлер можна паглядзець тут). Расследаванне экалагічных забруджванняў у Заходняй Вірджыні Toxic Soup ("Таксічны Суп", трэйлер можна паглядзець тут). Дзве стужкі пра асаблівасці  індыйскага жыцця і грамадства і міжнародны праект пра прыроду чалавечых войн Cultures of Resistance ("Культура супрацьстаяння").

У стадыі падрыхтоўкі "галівудская караткаметражка" з вялікім бюджэтам пра забойства доктара Марціна Лютэра Кінга. Заканчваем мантаж дакументальнай стужкі Bigger Than The Beatles ("Болей, чым Бітлз"), знятай падчас  інаўгурацыі Барака Абамы (трэйлер можна паглядзець тут).

- Чым зарабляеш на хлеб акрамя кіно?

- Некалькі разоў у пачатку я здымаў вяселлі. Гэта малапрыемны занятак, самы ніз рынку і адзінае, чым я болей не займаюся. Праз пару год працы пачала складвацца рэпутацыя, з’явіліся пастаяныя кліенты. Здымаю музыкаў, паэтаў, спартоўцаў, пілотныя праекты, рэкламныя ролікі. Часам тэлефануюць з дабрачынных арганізацый і просяць зрабіць 10-хвіліннае відэа ў падтрымку якога-небудзь законапраекту, ініцыятывы. Я пралічваю бюджэт, калі трэба, наймаю каго-небудзь. У мінулым годзе падчас перадвыбарнай гонкі працаваў у кандыдата ў прэзідэнты  Джона Эдвардса. Мы з Крысцінай здымалі яго выступленні ў некалькіх штатах, пасля чаго рабілі 3-5 хвілінныя сюжэты і “залівалі" іх на сайт.

Разам з сябрам, які здымаў славутасцяў, атрымалася ўзяць інтэрв’ю ў Біла Клінтана, Мадонны, Міка Джагера, Бона.

- У цябе ж яшчэ ёсць уласная кампанія…

- У Амерыцы з гэтым прасцей. Чалавек па змоўчанні з’яўляецца прыватным прадпрымальнікам. Тут няма рэгістрацыі, мінімум ліцэнзіравання. Сёння я магу ўкладваць  плітку, заўтра - рабіць сайты, а паслязаўтра – здымаць кіно. Людзі на вольных хлябах так і працуюць..

- А наколькі цікавая для Амерыкі Еўропа?

- Большасць амерыканцаў глядзіць навіны, але Еўропа -- не тое,  пра што яны думаюць, мараць, куды глядзяць у пошуках адказаў і хочуць з’ездзіць.

- А постсавецкая простора?

- Да Расіі інтарэс захаваўся дзякуючы савецкім успамінам. Амерыканцы паважалі рускіх за  сілу, навуку, спорт. Магчыма, таму эмігрантам з былога СССР  трошкі прасцей адаптаваца ў ЗША. На нас глядзяць, як на роўных, у адрозненне ад многіх іншых прыезжых.

Расія прысутнічае ў выпусках навінаў, на старонках газет, і амерыканцы ў агуле ў курсе таго, што там адбываецца. Беларусь, як і астатнія савецкія краіны, за акіянам амаль невядомая.

Мне бы вельмі хацелася наладзіць рэгулярны паказ цікавых і яскравых амерыканскіх дакументальных стужак на постсавецкай прасторы. На фестывалях мне даводзілася сустракацца з рэжысёрамі вельмі паспяховых фільмаў, яны б з задавальненнем паказвалі іх у Расіі. Прычым, справа нават не ў грашах, а ў стварэні цэласнага ўспрыняцця таго, чым сёння з’яўляецца Амерыка. Аднак самім дыстрыбутарам страшна лезці ў Расію. Падчас наступнага візіту пастараюсь абмеркаваць такую магчымасць з калегамі ў Маскве, Кіеве, Мінску.

***

Сяргей Красікаў (Sergei Krasikau) нарадзіўся ў 1979 годзе ў Мінску. Вучыўся ў Міскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Працаваў у міжнародным аддзеле "Беларускай дзелавой газеты". З 2000 года -- у ЗША. Прадзюсер, рэжысёр, аператар незалежнага кіно. Заснавальнік (разам з Крысцінай Ворас) кінавідэакампаніі Migrant Turtle Films. Жыве ў Нью-Ёрку

Надрукавана ў скароце. Поўную версію інтэрв'ю чытайце тут.

Паводле Tut.by