Цэнтр беларускай мовы і культуры будзе адкрыты ў бліжэйшы час у сталіцы Украіны на базе Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Пра гэта паведамілі ў пасольстве Беларусі ва Украіне.
Дамоўленасць аб гэтым была дасягнута ў час праведзеных у Кіеве кансультацый спецыялістаў па філалогіі Міністэрства адукацыі Беларусі і кіраўніцтва Інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Украінскі бок, пацвердзіўшы зацікаўленасць у пашырэнні магчымасцяў вывучэння нацыянальных моў на ўзаемавыгаднай аснове, адным з этапаў найхутчэйшага стварэння Цэнтра беларускай культуры бачыць выкладанне беларускай мовы на кафедры рускай мовы або славістыкі з далейшай трансфармацыяй у кафедру беларускай мовы і літаратуры пасля атрымання акрэдытацыі і ліцэнзавання гэтага напрамку навучання. Праект пагаднення паміж Кіеўскім нацыянальным універсітэтам імя Тараса Шаўчэнкі і Міністэрствам адукацыі Беларусі, накіраваны на развіццё і паглыбленне культурных сувязяў паміж краінамі, прадугледжвае таксама аказанне падтрымкі па вывучэнні і распаўсюджванні беларускай мовы ў іншых вышэйшых навучальных установах Украіны. Ініцыятыва па арганізацыі выкладання беларускай мовы і літаратуры ў навучальных установах Украіны была агучана ў рамках рабочай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Украіны, што адбылася ў пачатку траўня бягучага года ў Гомелі.