У Вільні прайшла IV канферэнцыя беларусаў краінаў Балтыйскага рэгіёну. АДНОЎЛЕНА

5-6 верасня ў Вільні адбылася IV канферэнцыя беларусаў краінаў Балтыйскага рэгіёну. Канферэнцыя традыцыйна арганізаваная Таварыствам беларускай культуры ў Літве. Гэтым годам ў форуме беларусаў балтыі прынялі ўдзел некалькі дзесяткаў дэлегатаў з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі і Беларусі.

Канферэнцыя пачалася з вітальнага слова старшыні  ТБК у Літве Хведара Нюнькі. Таксама гасцей і дэлегатаў канферэнцыі віталі прэм'ер міністр Літоўскай Рэспублікі Андрус Кубілюс, прадстаўнік ад дэпутату Еўрапарламенту Лайма Андрыкене, генеральны дырэктар дэпартамента нацменшасцяў Літвы Арвідас Даўнаравічус, вядомы беларускі палітычны дзеяч Зянон Пазьняк, намеснік дырэктара дэпартамента палітыкі ўсходніх суседзяў Мар’юс Гудзінас, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

З вітальным словам ад МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выступіла старшыня Вялікай Рады сп-ня Ніна Шыдлоўская. Яна пажадала плённай працы ўдзельнікам форуму і выказала падзяку “Таварыству беларускай культуры ў Літве і яго кіраўніку Хведару Нюньку за тое, што ў свой час заснаваўшы гэты форум, працягвае рэгулярна іх праводзіць”. “Гэтыя канферэнцыі з’яўляюцца не толькі важнай падзеяй у культурным жыцці беларусаў Балтыі. Гэтыя падзеі штораз аб’ядноўваюць беларусаў з розных краінаў Еўропы, а таксама ЗША, Канады і, безумоўна, самой Беларусі”, - адзначыла ў сваім выступе Ніна Шыдлоўская.

Акрамя таго на канферэнцыі выступілі пісьменніца, супрацоўніца беластоцкай газеты “Ніва” Ганна Кандрацюк (Польшча), грамадскі дзеяч Юрка Юркевіч (Эстонія), журналістка, грамадскі дзеяч Таццяна Касуха (Латвія),  старшыня міжнароднага аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вячка Целеш (Латвія), Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алег Трусаў і яго намесніца Алена Анісім (Беларусь),  сустаршыня "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі" Павел Севярынец (Беларусь), журналіст Уладзімір Хільмановіч (Беларусь), рэжысёр Алег Дашкевіч (Беларусь), грамадскі дзеяч, лідэр  БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч (Беларусь), пісьменнік Язэп Янушкевіч (Беларусь), кіраўнік Калінінградскага рэгіянальнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства культуры” Ігар Шаховіч (Расія), грамадскі дзеяч Маргарыта Пярова (Расія), загадчык кафедры беларускай філалогіі Віленскага педагагічнага ўніверсітэта Лілія Плыгаўка (Літва), студэнт ЕГУ Кірыл Атаманчык (Літва), палітолаг Артур Юдзіцкі (Літва).

У межах канферэнцыі адбылася прэзентацыя фільма “Беларускія справы”, прысвечанага дзейнасці ТБК у Літве. Перад прэзентацыяй выступіла рэжысёр фільма Вольга Мікалайчык.

Дэлегаты і госці форуму атрымалі магчымасць азнаёміцца з выдатнымі мясцінамі Вільні, дзякуючы экскурсіі па горадзе , якую зладзіла для іх сябра Рады ТБК у Літве Леакадзія Мілаш.

Удзельнікі канферэнцыі прынялі шэраг зваротаў да афіцыйных структураў Літвы і Беларусі.

У звароце  да кіраўніцва Еўразвязу удзельнікамі ІV Канфэрэнцыі Беларусаў Балтыі даецца станоўчая ацэнка дзеянням еўрапейскай супольнасці па пераадольванні мяжы з Беларуссю. У той жа час выказваецца занепакоенасць наконт стану беларускай мовы і культуры ў краіне. "Дыктатарскі рэжым надалей нішчыць нацыянальную культуру, а стан беларускай мовы проста катастрафічны", - адзначаецца ў дакуменце. У сувязі з гэтым аўтары звароту просяць Еўразвяз звярнуць увагу не толькі на пытанні дэмакратызацыі Беларусі, але і на праблемы захавання беларуская мовы і культуры.

У звароце да прэзідэнта Літвы і ўрада Літоўскай Рэспублікі ўдзельнікі канфэрэнцыі просяць аказаць матэрыяльную дапамогу Таварыству Беларускай Культуры ў Літве, якое ў адрозненне ад іншых арганізацый нацыянальных меншасцяў, не можа разлічваць на дапамогу этнічнай Бацькаўшчыны.

Адным з галоўных пытанняў, якія ўздымаліся на канферэнцыі, было пытанне кошту візаў для беларусаў, якія пражываюць у краінах Балтыі. Удзельнікамі канферэнцыі былі прыняты адпаведныя звароты да літоўскага ды беларускага знешнепалітычных ведамстваў. Паводле меркавання беларусаў Балтыі высокі кошт візаў не толькі не спрыяе наладжванню сувязяў паміж Беларуссю і краінамі Балтыі, але і з’яўляецца перашкодай для кантактаў з дэмакратычным светам. У сваю чаргу бясплатныя візы, на думку ўдзельнікаў форуму, могуць паспрыяць дэмакратызацыі і еўрапеізацыі Беларусі. Звяртаючыся да Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, удзельнікі канферэнцыі просяць прыняць "як мага хутчэй закон аб суайчынніках па ўзору тых, якія існуюць у Польшчы (карта паляка), Літве і інш. краінах" а таксама па магчымасці зрабіць бясплатнымі візы для беларусаў, асобаў беларускага паходжання, якія ўсведамляюць сябе беларусамі, актыўных дзеячоў беларускіх аб’яднанняў за мяжой.

Апроч вышэйназваных, на форуме беларусаў Балтыі былі прыняты наступныя дакументы: зварот да міністра культуры Паўла Латушкі наконт захавання культурнай спадчыны Беларусі, зварот да Віленскай Арцыбіскупскай Курыі з просьбай ушанаваць памяць ксяндза Адама Станкевіча і дазволіць усталяваць памятную шыльду ў яго гонар, зварот да  Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, у якім выказваецца занепакоенасць сітуацыяй розных канфесіяў у Беларусі.

Сваімі ўражаннямі ад канферэнцыі дзеліцца галоўны яе арганізатар - старшыня ТБК у Літве Хведар Нюнька: "Я задаволены вынікамі. Канферэнцыя атрымала шырокі розгалас. Ёсць паведамленні пра мерапрыемства ў галоўных рэспубліканскіх газетах. Ёсць інфармацыя пра тое, што прысутнічаў прэмьер-міністр Літвы. Згадваюцца яго словы пра тое, што Вільня - сталіца не толькі для літоўцаў, але і для беларусаў. Я трошкі шкадую, што з-за з'езду БНФ не прыехалі некаторыя людзі, якіх мы запрашалі. Але ў прынцыпе ўсё прайшло на ўзроўні, усё адбылося так, як мы планавалі".

Гасцей і дэлегатаў прывітаў патрыярх беларускага адраджэння Зянон Пазняк
Прывітаць прысутных прыбыў прэм'ер міністр Літоўскай Рэспублікі Андрус Кубілюс
У зале сядзяць прадстаўнікі літоўскай улады
Выступае Ніна Шыдлоўская
Выступаюць прадстаўнікі літоўскай улады
Выступаюць прадстаўнікі літоўскай улады
Прысутных вітае Зінаіда Бандарэнка
Выбары рэдакцыйнай камісіі
Прысутных вітаюць госці з Калінінграда
Прысутныя маглі азнаёміцца з навінкамі беларускай кнігі

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Фота з сайту westki.info