У Варшаве выдадзены Гістарычны атлас Беларусі

У Варшаве выйшаў першы том Гістарычнага атласу Беларусі.  Праца над атласам пачалася ў 1995 годзе і цягнулася, як бачым, больш за 13 гадоў. Гэты навуковы праект  не меў ніякага дзяржаўніга фінансавання ў Беларусі і выданне яго стала магчымым  дзякуючы падтрымцы Праграмы польскай замежнай дапамогі МЗС Польшчы і Цэнтра EEDC на чале з П. Казанецкім.

У атласе закранаюцца пытанні фарміравання беларускага народа і беларускай дзяржавы з пункту гледжання беларускай незалежнай гістарыяграфіі, падаюцца розныя гістарычныя падзеі, што адбываліся на тэрыторыі нашай краіны. Над атласам працаваў высокапрафесійны калектыў – каля 40 гісторыкаў і картографаў з Беларусі, Польшчы і Літвы. Аўтары “ імкнуліся паказаць гісторыю Беларусі ў больш шырокім міжнародным гістарычным кантэксце такім чынам, каб беларуская гісторыя магла знайсці сваё месца ў сусветнай навуковай дыскусіі на тэму гісторыі Усходняй Еўропы.”

Атлас ўтрымлівае каля 100 спецыяльных і некалькі дзесяткаў гістарычных карт беларускіх земляў за пераяд ад палеаліту і да канца XVIII стагоддзя.  Таксама ў выданні змешчаны гістарычнны каментар да картаў і даведнік старажытных і сучасных назваў населеных пунктаў. Большасць картаў была падрыхтавана спецыяльна для гэтага атласу і апублікавана ўпершыню.

У атласе чытач знойдзе карты першых дзяржаўных утварэнняў на  ўсходнеславянскіх землях, карты, якія адлюстроўваюць утварэнне Вялікага княства Літоўскага і яго міжнародныя сувязі і адносіны з суседнімі дзяржавамі.  Асобныя карты адлюстроўваюць ваенныя падзеі, што адбываліся на беларускіх землях, асаблівую  цікавасць уяўляюць рэлігійныя ды эканамічныя карты, карты па гісторыі асветы. Таксама ў выданні падаюцца планы асноўных гарадоў Беларусі і план Варшавы, дзе пазначаны публічныя пабудовы, якія мелі значэнне ў супольнай гісторыі Рэчы Паспалітай.

Гартаючы атлас, чытач не толькі даведаецца шмат інфармацыі па гісторыяграфіі Беларусі, але і атрымае эстэтычнае  і нават тактыльнае задавальненне. Кніга выдадзена павялічаным фарматам А4 на якаснай крэйдавай паперы ў цвёрдай вокладцы, мае шыкоўнае мастацкае афармлене, зробленае мастаком В Дзягцяровым.

***

Гістарычны атлас Беларусі. Том І. Беларусь ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Варшава — Мінск, 2008, галоўны навуковы рэдактар М.Ф. Спірыдонаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"