У БелМузеі адкрылася фотавыстава Сержа Ардэна

23 жніўня ў грамадскай залі Сабора Святога Кірылы Тураўскага, што ў Брукліне, прайшло адкрыццё выставы мастака Сержа Ардэна "Нацюрморт".

Наведвальнікам выставы было прапанавана пазнаёміцца з чатырнаццацю мастацкімі фатаграфіямі і пяцю жывапіснымі творамі. Фотанацюрморты - новая плыня ў дзейнасці Беларускага Музею. Дагэтуль фотаработы беларускім культурным цэнтрам яшчэ не эксапанаваліся. З дэталёвым мастацкім разборам твораў, выстаўленых у музеі, выступіў Зянон Пазьняк. Ацэньваючы працу Сержа Ардэна ў такім складаным жанры як нацюрморт, спадар Пазьняк адзначыў добрае пачуццё колеру і праекцыі ў мастака. Падаецца, што карысным для Сержа Ардэна было пачуць і словы крытыкі спадара Пазьняка, які прафэсійна займаецца фатаграфіяй. Бо для чалавека творчага, прафэсіянала ў сваёй справе, якім безумоўна з’яўляецца Серж Ардэн, такія мерапрыемствы адкрываюць новыя магчымасці для творчага росту і прыдаюць дадатковых сіл ды натхнення. Прыемна адзначыць, што выстава атрымалася сапраўды інтарнацыянальнай: паглядзець на працы беларускага мастака, які вучыўся ў Маскве, а жыве ў Нью-Ёрку, прыйшлі і амерыканскія англамоўныя наведвальнікі. Серж Ардэн ахвяраваў усе свае працы ў фонд БелМузею, а таксама падараваў шмат каму з наведвальнікаў выставы падпісаныя аўтарам творы. Выстава спадара Сяргея стала яшчэ адным крокам у развіцці новага накірунку дзейнасці Беларускага Музею: калі ў першыя два гады дзейнасці музею па запрашэнню ў Злучаныя Штаты прыязджалі мастакі з Беларусі, то зараз яскравы інтарэс да Белмузею сталі праяўляць і творцы-беларусы, якія стала жывуць у Амерыцы. Пасля выставы Сержа Ардэна БелМузей плануе зладзіць да канца году шэраг выставаў беларускіх мастакоў ЗША. Вядома, будуць запрашацца і творцы з Беларусі. Серж Ардэн у сваёй прамове на беларускай мове падзякаваў усім прысутнным за ўвагу да яго творчасці, а таксама за крытычны аналіз яго працы. Мастак сказаў, што заўсёды трымае ў сэрцы родную Беларусь хоць і жыве ўдалечыні ад Радзімы. Таму можна быць упэўненым, што пажаданне Зянона Пазьняка, каб выявы і дух роднага краю ў творчасці спадара Сержа знаходзілі большае адлюстраванне, будзе спраўджана. І, магчыма, праз некаторы час у БелМузеі можна будзе паглядзець і на полацкія, мінскія, наваградскія, віцебскія і іншыя беларускія краявіды. Жывасць яго твораў сапраўды абуджае такое жаданне.

Выстава Сэржа Ардэна будзе экспанавацца на працягу наступнага месяца.

Паводле www.belmuseum.org