Сляпы музыка з Гродна заваяваў Гран-пры Маскоўскага фестывалю

Сляпы 16-гадовы музыка з Гродна заваяваў Гран-пры на фестывалі ў Маскве. Пра гэта паведаміла кіраўнік музычных класаў Гродзенскай школы-інтэрнату для дзяцей з парушэннямі зроку Алена Пракопчык.

Дзесяцікласнік школы-інтэрнату Валянцін Станкевіч на фестывалі выступіў у двух намінацыях "вакальная творчасць" і "інструментальная творчасць". Ён выканаў на фартэпіяна твор Іосіфа Гайдна "Саната-парціта", які адпавядае ўзроўню 5 класа музычнай школы для звычайных дзяцей. Валянцін таксама стаў дыпламантам фестывалю як вакаліст. Для Валянціна фартэпіяна – другі інструмент."У шасцігадовым узросце ён пачаў вучыцца граць на фартэпіяна, расказвае Алена Пракопчык. – Але для таго, каб сляпому таленавітаму дзіцёнку стаць выканаўцам-віртуозам, лепей за ўсё падыходзяць два інструменты – скрыпка і баян. І мы пераарыентавалі Валянціна на баян. Першым яго настаўнікам быў вядомы беларускі сляпы паэт і музыка Віктар Кудлачоў. Цяпер з ім займаецца выкладчык Гродзенскай музычнай вучэльні і акадэміі музыкі Святлана Кедук". Цяпер юны музыка грае на прафесійным пяцішэрагавым баяне, прычым у яго рэпертуары – палтарагадзінная праграма з твораў узроўню складанасці музычнай вучэльні. Акрамя баяну Валянцін грае на трубе, выступае з духавым аркестрам школы . Хлопец таксама піша вершы на беларускай, рускай і польскай мовах. Увосень плануецца яго ўдзел у міжнародным творчым конкурсе ў Любліне. Першы міжнародны фестываль народнай творчасці для асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя праходзіў з 19 па 23 жніўня ў Маскоўскім сацыяльна-гуманітарным інстытуце. У ім прынялі ўдзел 320 таленавітых людзей ва ўзросце ад 14 да 30 год. Акрамя Валянціна Станкевіча яшчэ тре гродзенскіх дзяцей сталі дыпламантамі фестывалю: дзясяцікласніца школы-інтэрнату для дзяцей з парушэннямі зроку Вікторыя Глінская ў намінацыі "мяккая цацка", а таксама дзевяцікласніцы са школы для дзяцей з парушэннямі слыха Эмілія Шрэйдэр з працай з бісеру і Ксенія Саліхава з жэставай песняй.

Паводле "БелТА"