На шматлюдным Нацыянальным Фэсце Эмігрантаў у аргенцінскай правінцыі Місьёнес будуць гучаць беларускія мелодыі. А Каралева года, якую выберуць напярэдадні свята нашы суайчыннікі з ліку найпрыгажэйшых супляменніц горада Абера, будзе красавацца на фэсце ў нацыянальным строі. Менавіта для яе, дарэчы, і прызначаны (як узнагарода) адзін з касцюмаў, перададзеных у Аргенціну з Беларусі.
Гэты фестываль — вялікі, традыцыйны, штогадовы, сёлета яшчэ і юбілейны: трыццаты па ліку. Да чарговага фэсту, які летась на пачатку верасня гудзеў ажно дзесяць дзён, нашы землякі з-за акіяна цяпер рыхтуюцца, пэўна, з лацінаамерыканскім імпэтам. Прычым загадзя. Таму і звярнуліся праз Пасольства Беларусі ў Аргенціне па дапамогу на Радзіму. У адказ на просьбу кіраўніцтва руска-беларускага клуба “Мяцеліца” у Аргенціну было перададзена з Беларусі 5 вышываных ручнікоў, 20 касцюмаў, 50 кніг, а таксама кампакт-дыскі, дзяржаўная сімволіка, нацыянальныя сувеніры з саломкі і керамікі. З беларускага ж пасольства ў Аргенціне паступіла інфармацыя, што ўсё гэта накіравана на адрас беларускіх культурных суполак, якія “забяспечваюць у Аргенціне падтрымку нацыянальнай культуры і самабытнасці беларускага народа”. Між іншым, і пасольства атрымала ўдзячныя лісты за дапамогу з клубаў “Днепр”, “Виссарион Белинский”, “Максим Горький”, “Восток” і “Аврора”. Можа падацца, што ў назвах клубаў пераважае рускі складнік? Але вось і яскравы “беларускі след” з пасольскага ліста: “пратакольнай зале клуба “Виссарион Белинский” будзе нададзена імя беларускага песняра “Янка Купала”, запланаваны ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі і адкрыццю адпаведнай экспазіцыі”. Варта дадаць, што ў горадзе Абера моцная Федэрацыя эмігрантаў, там у згодзе жывуць выхадцы з больш чым 30 краін. З 1994 года беларускае Маладзечна і аргенцінскі Абера — гарады-пабрацімы. Летась пры садзеянні пасольства Рэспублікі Беларусь у рускім музеі горада была арганізавана пастаянная экспазіцыя, якая расказвае пра нацыянальную самабытнасць беларусаў.
На адкрыцці беларускай экспазіцыі ў горадзе Абера.