16 жніўня ў нядзелю ў нашым Саборы прайшла Святочная Літургія, якую адправіў мітрафорны пратаярэй а. Міхайла. Прыемна было глядзець, як людзі неслі кошыкі з садавінай ідучы на асвячэнне ў Храм.
У сваёй пропаведзі а. Міхайла распавёў пра свята Ператварэння Госпадава (Спас), пра традыцыі, з якімі сустракаюць гэтае свята. Напрыканцы Літургіі былі асвечаны плады, прынесеныя ў Сабор.
Радасна было глядзець, як падлеткі прыслужвалі святару. Вельмі светлыя пачуцці выклікае і тое, што ў Храм Божы людзі прыходзяць сем’ямі і што на службу прыходзіць усё больш нашай мясцовай моладзі.
Па заканчэнні Літургіі ў грамадскай залі сястрынства падрыхтавала пачастункі. Беларуская грамада разыходзілася, каб праз тыдзень ізноў сустрэцца ў нашым Беларускім Храме Божым.
Запрашаем беларусаў, якія жывуць у Ню-Ёрку ды наваколлі далучацца да рэмонтных працаў, што вядуцца ў будынку штотыдзень у суботу, ды наведваць нядзельныя багаслужэнні, пачатак якіх - заўсёды а 10-й гадзіне раніцы.
Ліна Сагановіч, belaoc.org