У Маарду (Эстонія) прайшоў фэст “Святкуйце разам з беларусамі Эстоніі”

Некалькі тысяч чалавек сабраў фэст “Святкуйце разам з беларусамі Эстоніі”, які прайшоў у Дзень горада Маарду.

Месца для правядзення мерапрыемства выбрана невыпадкова: Маарду мае пабрацімскія сувязі з Фрунзенскім раёнам Мінска. Значную частку насельніцтва горада Маарду складаюць выхадцы з Беларусі, тут актыўна дзейнічае беларуская грамадская арганізацыя “Ялiнка”.Фэст на гарадскім стадыёне ўрачыста адкрывалі мэр Георгій Быстроў, намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Алег Паскробка і консул Станіслаў Венцаль. З захапляльнай праграмай выступіў заслужаны аматарскі калектыў “Шкляры” — гэты вакальна-інструментальны ансамбль быў спецыяльна запрошаны на свята.

Пасля выступалі самадзейныя артысты беларускіх суполак “БЭЗ” (Йыхві — Кохтла-Ярве), “Ялінка” (Маарду), “Сябры” (Нарва), “Крыніца” (Сіламяэ) і “Лес” (Талін), а таксама мастацкія калектывы мясцовага Дома культуры.На фэсце можна было набыць беларускія вырабы з тэкстылю і крышталю, прыгожыя сувеніры, пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні. Усе актыўныя ўдзельнікі фэсту атрымалі дыпломы Генеральнага консульства, сувеніры мэрыі.

Паводле "Голасу Радзімы"