Ян Барысевіч атрымаў адказ на свой зварот ад кіраўніка Шведскага радыё

Старшыня Беларускага  Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі (Аўстралія) Ян Барысевіч даслаў кіраўніцтву Шведскага радыё  ліст, у каторым ён выказвае занепакоенасць  тым, што ад 1 верасня 2009 года беларускамоўныя перадачы будуць заменены на рускамоўныя.

Спадар Барысевіч звяртаецца да кіраўніцтва Шведскага радыё з просьбай працягнуць вяшчанне на беларускай мове і тым самым садзейнічаць усталяванню дэмакратыі  ў Беларусі.

У адказ на свой зварот Ян Барысевіч атрымаў ліст ад кіраўніка міжнароднага каналу Шведскага радыё спадара Інгемара Лёфгрэна, дзе апошні тлумачыць рашэнне спыніць вяшчанне на беларускай мове шэрагам прычын. А менавіта спадар Лёфгрэн спасылаецца на тое, што ў любой прафесійнай дзейнасйі неабходна ацэньваць , наколькі дасягнутыя вынікі адпавядаюць укладзеным сродкам.  Што тычыцца беларускай службы Шведскага радыё, то тут цяжка ацаніць яе эфектыўнасць, нягледзячы на прыкладзеныя намаганні.  Сайт беларускай рэдакцыі меў у сярэднім 500 наведвальнікаў  за месяц,  і 2 паўгадзінныя штотыднёвыя перадачы часта не дасягалі мэтавай аўдыторыі, --лічыць Інгемар Лёфгрэн.

Спадар Лёфгрэн нагадвае, што вяшчанне на беларускай мове  было распачата ў 2004 годзе як пробны праект, гэта было зроблена па рашэнні  кіраўніцтва Шведскага радыё, і яно ж цяпер будзе вырашаць працягваць праект або не.

Як кіраўнік міжнароднага каналу  Шведскага радыё спадар Лёфгрэн лічыць неабходным размяркоўваць сродкі такім чынам, каб яны прыносілі болей плёну. Хаця ён спачувае слухачам, якія імкнуца абараніць сваю родную мову, аднак адчувае сябе адказным за тое, каб аддаць прыярэтэт іншым службам  Шведскага радыё, а не беларускай.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"