Вялікая сцэна толькі ў планах на будучыню ў 13-гадовага Кірыла Башарымава з Магілёва, але ўжо сёння крок за крокам набліжаецца да сваёй мары. За апошнія два гады хлопчык перамог у 10 міжнародных музычных конкурсах, пры чым ў 4 з іх ён атрымаў Гран-пры.
Сваю 10-ю, юбілейную перамогу, Кірыл Башарымаў прывёз з VI Міжнароднага фестываля-конкурсу дзіцячых, юнацкіх і дарослых калектываў ''Мора. Натхненне. Тэатр'', які праходзіў у расійскім горадзе Анапа. Кірыл атрымаў Гран-пры ў намінацыі “Эстрадны вакал”.
На конкурсе Кірыл выканаў песні "Веснавыя званы" і «Белавежская пушча".
“Пахвалявацца мне ўсё ж такі прыйшлося. Упэўнены, што выканаў свае песні добра, я разлічваў на прызавое месца, - падзяліўся сваімі ўражаннямі Кірыл. – На цырымоніі закрыцця конкурсу абвяшчаюць пераможцаў па намінацыях. Мая намінацыя прайшла, а маё прозвішча не назвалі. Думаю, няўжо нічога не заняў? А аказалася, што ўладальнікаў Гран-пры абвясцілі ў канцы цырымоніі. Прыз мне ўручыла народная артыстка Расіі Валянціна Савельева, якая папрасіла не забыць запрасіць яе на мой першы сольны канцэрт”..