9 жніўня каля будынку ААН у Ню-Ёрку прайшла акцыя ў падтрымку беларускіх палітычных вязняў. У акцыі ўдзельнічалі каля чатырох дзесяткаў беларусаў, што з’ехаліся на пікет з штату Ню-Джэрсі ды ню-ёркскага наваколля.
Прыняў удзел у акцыі палітык Зянон Пазьняк, які выступіў перад беларускай моладдзю – а пераважную частку ўдзельнікаў акцыі склалі менавіта маладыя беларусы. Ён падзякаваў прысутным і адзначыў, што кожная такая акцыя – гэта крок да новай Беларусі, і што маральная падтрымка беларусаў замежжа вельмі патрэбна нашым братам на Радзіме.
Таксама на мерапрыемстве з прамовамі выступілі сябры Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі ды стараста Сабору Святога Кірылы Тураўскага Анатоль Колбун.
Шматлікія нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі і разнастайныя банеры прыцягвалі ўвагу мінакоў. Яны актыўна цікавіліся падзеямі, што адбывыаюцца ў Беларусі. Сотнямі клаксонных сігналаў падтрымлівалі беларусаў амерыканскія аўтамабілісты.
Завершылася мерапрыемства ўжо традыцыйным для такіх акцый выкананнем беларускіх гімнаў “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Магутны Божа” ды “Пагоня”.
Паводле інфармацыі Беларускага моладзевага руху Амерыкі