Рабі пільна - і будзе Вільня!
“У Еўропе няшмат гарадоў, якія б падпадалі пад такую міфалагізацыю, як Вільня. Пад міфалагізацыямі я маю на ўвазе гістарычныя легенды, неабавязкова адпаведныя фактам. Гісторыя гэтага горада такая дзіўная, што проста пераносішся ў казку. Так здаралася неаднойчы, і легенды змяняліся ў залежнасці ад таго, хто іх апавядаў: летувісы ці палякі, габрэі ці беларусы”, - пісаў у эсэ лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1980 года польскі літаратар і віленчук Чэслаў Мілаш.
Два суверэнныя дзесяцігоддзі беларускія інтэлектуалы вырашаюць задачу, як нам вярнуць Вільню. Тэзу аб скрадзенай у нас літоўцамі гісторыі паўтараюць і айчынныя чыноўнікі. Аднак, насамрэч, і першыя, і другія зрабілі не так многа, каб наблізіць Вільню да сучасных беларусаў.
Асабліва востра адчуваеш гэта, калі зазіраеш у віленскія кнігарні, на паліцах якіх прадстаўлены шматлікія дапаможнікі па гораду на літоўскай, ангельскай, расійскай ды іншых мовах. Пра беларускую маўчу, аднак за гэтыя гады так і не з’явіўся ясны і даступны гід для нашых турыстаў не па польскай, літоўскай ці габрэйскай Вільні, а па нашай - беларускай. Канечне, адмыслоўцы запярэчаць, што ёсць цудоўная кніга пра нашу Вільню сына прэм'ер-міністра БНР Антона Луцкевіча Лявона. Аднак яе мізэрны наклад даўно раскуплены ды і ўчытвацца паспаліты люд у літаратурны расповед наўрад ці прымусіш.
Як вынік, сярэднестатыстычны беларус, які толькі зрэдзьчасу вырываецца за 60-еўравы шэнгенскі кардон, найперш скіроўваецца да распродажаў адзення ў “Akropolis” і за прадуктамі ў “Maxima”. Беларуская Вільня яго не цікавіць, бо ён пра яе нічога не знае, у адрозненне ад тых жа палякаў, якія ведаюць пра СВАЮ Вільню абсалютна ўсё.
Мы не адкрываем амерык і не прэтэндуем на ісціну ў апошняй інстанцыі, а ўсяго толькі паспрабавалі сістэматызываць і падаць у зручным выглядзе інфармацыю, створаную раней. Падкрэслім, што засяродзіліся толькі на тых аб’ектах, якія можна памацаць рукамі, іншымі словамі - якія захаваліся дасюль.
ГІСТАРЫЧНЫЯ БУДЫНКІ
Вострая Брама (Aušros Vartai)
Над аркай брамы дабудаваны фасад з пяццю амбразурамі і атык у стылі рэнесанс, дэкараваны “Пагоняй”. Прычым, герб менавіта беларускі, бо хвост каня апушчаны ўніз, а на літоўскім "Віцісе" - узняты дагары.
Друкарня Скарыны (Didzioji, 19)
Шыльда на гэтым будынку 15-16 ст.ст., які належаў бурмістру Вільні Якубу Бабічу, сведчыць аб тым, што сюды ў 1520 годзе беларускі асветнік Францыск Скарына перавёз з Прагі сваю друкарню. Тут і былі надрукаваныя “Малая падарожная кніжка” (1522) і “Апостал” (1525).
Пасля скасавання Ордэну езуітаў (1773) Віленская акадэмія стала Галоўнай школай Вялікага княства Літоўскага. Пад расійскай акупацыяй - Галоўнай віленскай школай і Імператарскім Віленскім універсітэтам (1803). У Польшчы часоў Пілсудскага - Універсітэтам Стэфана Баторыя (1919), а ў незалежнай Літве - Vilniaus Universitetas (1939) з літоўскай як адзінай афіцыйнай мовай выкладання.
У ансамблі цяперашняга Вільнюскага універсітэта ў гістарычнам цэнтры горада месцяцца адміністрацыя, бібліятэка, гістарычны, філалагічны і філасофскі факультэты, касцёл Святых Янаў і званіца, а таксама 13 панадворкаў. У бібліятэцы ўніверсітэта захоўваецца арыгінал скарынавай Бібліі.
Палац Сапегаў (Sapiegos, 3)
Да нашага часу захавалася былая сядзіба віленскага ваяводы, канцлера і гетмана ВКЛ Льва Сапегі - помнік барока канца 15 - пачатка 16 стагоддзя. Сапега быў не толькі выбітным палітычным дзеячам, але і склаў Літоўскі трыбунал (1581) і адзіную ў Еўропе 16 ст. Канстытуцыю - Статут ВКЛ (1588), напісаную на старабеларускай мове.
Адам Міцкевіч
Да Вільні належыць значны перыяд жыцця выбітнага беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча (1798-1855). Яму прысвечаны музей, помнік і тры мемарыяльныя дошкі ў гістарычным цэнтры горада.
Музей Адама Міцкевіча месціцца ў доме, дзе ліцвінскі паэт жыў у 1822 годзе (Bernardinu, 11). Мяркуецца, што ён быў заснаваны ў 1898 годзе - у гонар стогадовых угодкаў з дня нараджэння Міцкевіча.
Помнік нацыянальнай гордасці Польшчы, Беларусі і Літвы з’явіўся ў 1986 годзе каля касцёла Святой Ганны (Maironio, 8).
Пасля сканчэння Віленскага універсітэта (1819) літаратар жыў у Літаратурным завулку (Literatu, 22), дзе сёння ёсць мемарыяльная дошка. Яшчэ дзве размешчаныя на былым Базылянскім кляштары (Aušros Vartu, 7а), дзе зняволены расійскімі ўладамі Міцкевіч адбываў заключэнне як адзін з арганізатараў таемных моладзевых таварыстваў - філаматаў і філарэтаў; і на Didzioji, 22, адкуль Міцкевіч, з’язджаючы ў высылку, назаўжды пакінуў Вільню.
Дом Сыракомлі (Barboros Radvilaites, 3)
Беларускі і польскі паэт, удзельнік антыцарскіх маніфестацый 1861 г. Уладзіслаў Сыракомля (1823-1862) пераехаў у Вільню ў 1852 годзе і да самай смерці жыў ля Кафедральнага пляца па вуліцы Каралеўскай (цяпер Barboros Radvilaites), аб чым сведчыць старая польскамоўная мемарыяльная дошка.
Каліноўскі
З кастрычніка 1863-га кіраўнік антырасійскага вызвольнага паўстання на Беларусі Кастусь Каліноўскі (1838-1864) пад імем Ігнацы Вітажэнец атайбаваўся ў кватэры чыноўніка віленскай казённай палаты Канстанціна Жаброўскага ў гімназічным доме па вуліцы Замкавай (Pilies, будынак, прылежны да касцёла Святога Яна на Vilniaus, 30), дзе яго і арыштавалі 29 студзеня 1864 г.
Перад смяротным пакараннем Каліноўскага разам з іншымі лідэрамі інсургентаў (Якубам Гейштарам, Францыскам і Цітам Далеўскімі) трымалі за кратамі кляштара дамініканаў (Švento Ignoto, 11). Злева ад брамы ў 1993 годзе была ўсталявана мемарыяльная дошка памяці Каліноўскага.
Беларускія даследнікі Сяргей Дубавец (галоўны рэдактар адроджанай у 1991-м “Нашай Нівы”) і Сяргей Харэўскі (гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца) правялі даследаванне, у выніку якога высветлілі, што цела Каліноўскага было ўпотайкі пахавана на Замкавай гары.
Манюшка
У скверы ля касцёла Святой Кацярыны (Vilniaus, 30) ёсць бюст кампазітара. Паблізу ад касцёла на доме па вуліцы Vokieciu, 26, дзе жыў кампазітар, можна ўбачыць мемарыяльную дошку. Бюст Манюшкі ёсць і ў касцёле Святога Яна (Šv. Jono, 12).
“Наша Доля”
Чатыры нумары “першай белорускай газэты для вёсковаго і местоваго рабочага народу" выйшлі ў друкарні ў доме Залкінда (Didzioji, 33 / Rudninku, 2).
Два апошнія нумары “Нашай Долі”, у якой друкаваліся Цётка, Ядзвігін Ш., Якуб Колас, Антон Луцкевич, выйшлі ў друкарнях Рома і Сыркіна (сёння - Pilies, 38; рэнесансны будынак значна перабудаваны).
“Наша Ніва”
Першая рэдакцыя “Нашай Нівы”, што стала пераемніцай “Нашай Долі”, з лістапада 1906 г. да пачатку 1907 г. месцілася па адрасе вул. Вялікая Пагулянка, д. 17, кв. 20 (цяпер J. Basanaviciaus g., на адцінку паміж царквой Св. Канстанціна і Міхаіла і Расійскім драматычным тэатрам).
На пачатку 1907 г. “першая беларуская газэта з рысункамі” займала памяшканне па вул. Завальнай, 45 (цяпер Pylimo, 51 на рагу з Sodu). Цяпер будынак выстаўлены на продаж.
У будынку з атлантамі таксама размяшчаўся акруговы суд, дзе з 1884 да 1898 гг. працаваў адвакатам бацька беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч.
У 1911–1913 гг. "Наша Ніва" займала дом на рагу вул. Завальнай, 7 і Малой Пагулянкі (сённяшнія Pylimo, 5/K.Kalinausko, 2). Ажно да 1926 г. тут месцілася і беларуская кнігарня, якая потым пераехала на Вастрабрамскую (Aušros Vartu, 1).
Пры рэдакцыі разам з жонкай, пісьменніцай Марыяй Іванаўскайце-Ластаўскене жыў сакратар “Нашай Нівы” Вацлаў Ластоўскі (1883-1938) - аўтар "Кароткай гісторыі Беларусі", дзяржаўны дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, акадэмік Беларускай акадэміі навук. Аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка. Іх кватэра стала месцам сустрэч беларускай і літоўскай інтэлігенцыі.
У будынку на Завальнай знаходзілася і ўнікальная калекцыя Івана Луцкевіча, якая потым стала асновай названага ў яго гонар Беларускага музея. У 1912 г. Змітрок Бядуля апіша свае першыя ўражанні: “Я сяджу адзін у зале рэдакцыі... На сценах вісяць абразы даўнейшых беларускіх князёў, старасвецкія беларускія вопраткі, шаблі, шаломы і панцыры... У шафах ляжаць скарбы мінуўшых гадоў: манеты і медалі, пячаткі, кнігі беларускае пісьменнасці. Жывая паэма старыны!.. Нейкая гарачая хваля абнімае мяне ўсяго. Божа! Гэта ж тут пачатак адраджэння цэлага народа!..".
Падчас прыезду ў Вільню ўлетку 1911 года тут, у рэдакцыі, дзве ночы правёў і аўтар “Нашай Нівы” з Яраслаўля Максім Багдановіч. А вось у 1916-1917 гг. у знакамітым будынку знаходзілася рэдакцыя газеты “Гоман”, рэдагаванай Ластоўскім.
З 1914 г. рэдакцыя "Нашай Нівы" пераехала ў будынак па Віленскай, 29 (цяпер Vilniaus, 14), пакуль не была зачынена ў жніўні 1915 г. Яна знаходзілася ў двары, куды візітанты траплялі праз браму. Рэдагаваў газету ў гэты час Янка Купала, які жыў пры рэдакцыі, аб чым сведчыць мемарыяльная шыльда злева ад брамы.
У згаданым будынку да другой паловы 1910-х гг. месціўся Беларускі клуб. "Хадзілі туды ў большасці вучні з настаўніцкага інстытута і хіміка-тэхнічнага вучылішча, розная служачая моладзь", - пісаў Максім Гарэцкі ў рамане "Віленскія камунары".
Друкарня Кухты (Universiteto, 4)
У будынку па адрасе Universitetе, 4, дзе яшчэ ў 17 ст. жылі студэнты езуіцкай акадэміі, знаходзілася друкарня Марціна Кухты. Там быў выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча "Вянок".
“У краіне светлай, дзе я ўміраю,
Таксама ў літоўца Кухты друкавалася газета "Наша Ніва", творы Багушэвіча, Цёткі, Коласа і іншых беларускіх літаратараў.
Літоўская кнігарня (Dominikonu, 11)
У літоўскай кнігарні Марыі Пясяцкайце-Шляпялене, што існавала на вуліцы Дамініканскай у 1906-1949 гг., можна было набыць і падпісацца на "Нашу Долю", "Нашу Ніву", а таксама на іншыя беларускія кнігі і выданні.
Беларускае выдавецкае таварыства (Gedimino, 2)
Фота flickr.com |
З 1908 па 1911 год пры віленскай бібліятэцы-чытальні “Знание” на тагачасным Георгіеўскім праспекце (цяпер Gedimino, 2) месцілася Беларускае выдавецкае таварыства “Наша хата”, якое выдала шэсць кніг. Уладальнікам “Знания”, як і заснавальнікам “Нашай хаты”, быў беларускі мецэнат Барыс Даніловіч. Дарэчы, у бібліятэцы нейкі час па пераездзе ў Вільню ў 1908 годзе зарабляў на пражыццё Янка Купала.
У 1911 годзе бібліятэка пераехала на Віленскую, 33 (цяпер Vilniaus, 10, будынак цалкам перабудаваны ў 1960-я). Кампаньёнам Даніловіча стаў Іван Луцкевіч. З 1914 года ў гэтым доме жылі браты Луцкевічы і разам з кнігамі захоўваліся ўнікальныя старасвецкія калекцыі. У 1918 годзе Іван Луцкевіч перадаў бібліятэку і калекцыі Беларускаму навуковаму таварыству, што стала асновай Беларускага музея. Да 1918 года кватэра Луцкевічаў была цэнтрам беларускага адраджэнскага руху, “сюды ішлі ўсе прагрэсіўныя прадстаўнікі грамадскасці, каб пагаварыць аб справах нашага края”.
У будынку па Gedimino, 2 падчас нацыстоўскай акупацыі працаваў Беларускі нацыянальны камітэт на чале з адраджэнцам Вацлавам Іваноўскім і месцілася рэдакцыя газеты "Bielaruski holas", якую рэдагаваў слынны драматург Францішак Аляхновіч.
Улюбёная кавярня Купалы (Gedimino, 12)
На першым паверсе дома № 12 на былым Георгіеўскім праспекце, дзе ў 1904 г. адчынілася бібліятэка "Знание”, з пачатку ХХ ст. і да Другой сусветнай вайны знаходзілася ўлюбёная кавярня Янкі Купалы "Красный Штраль".
Шпіталь "Мішмерас Хойлем" (Kauno, 7)
У будынку, дзе цяпер месціцца віленская бальніца ім. Марцінкявічуса, падчас Першай сусветнай вайны быў вайсковы шпіталь "Мішмерас Хойлем", дзе пасля вяртання з эміграцыі (1914) працавала беларускай дзеячка і літаратарка Цётка (1876-1916) і лячыўся ад ранення класік айчыннай літаратуры Максім Гарэцкі.
Ён прыгадваў: "Загадчык "Мішмерас Хойлема" доктар Ром быў блізкі друг Івана Луцкевіча. Тут жа працавала міласэрнаю сястрою і клала пад падушкі "Нашу Ніву" нябожчыца Цётка, наша незабытная пяснярка і рэвалюцыянерка Алёізія Пашкевічанка. Гэны гошпіталь быў наогул самы лепшы з усіх, якія відзіў я за час вайны; после-ж таго, як мяне даведаўся Іван Луцкевіч, я ляжаў там як у сваёй хаце пад апекай маткі і добра лепшаў".
"Базыльянскія муры" (Aušros Vartu, 7)У першай палове ХХ ст. тут знаходзіўся палітычны і культурны цэнтр беларусаў: Беларускі музей ім. І. Луцкевіча і беларуская бібліятэка, Віленская беларуская гімназія, дзве беларускія пачатковыя школы, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі нацыянальны камітэт, Беларускія настаўніцкія курсы, Беларуская школьная рада Віленшчыны, духоўная семінарыя Святатраецкай царквы.
Віленская беларуская гімназія (Aušros Vartu, 7а) была адной з першых беларускіх сярэдніх школ, якую 1.1.1919 г. арганізаваў Іван Луцкевіч. Дзейнічала да чэрвеня 1944 г. Сярод настаўнікаў гімназіі быў увесь цвет беларускага нацыянальнага адраджэння: бацькі "праекта Беларусь" Антон і Іван Луцкевічы, класік літаратуры Максім Гарэцкі, прэзідэнт Рады БНР Вінцэнт Жук-Грышкевіч, сусветнавядомы навуковец Барыс Кіт, музычны патрыярх Рыгор Шырма...
Віленскі беларускі музей (Aušros Vartu, 7а), які потым атрымаў імя стваральніка Івана Луцкевіча, збіраў, захоўваў, даследаваў, прапагандаваў помнікі гісторыі, этнаграфіі, мастацкія творы, адыгрываючы выключную ролю ў фармаванні гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа.
У часе свайго росквіту калекцыя Луцкевіча месцілася на першым паверсе паўднёвага крыла былога кляштара базыльянаў. Тут захоўваліся сярэднявечныя пячаткі, манеты, слуцкія паясы, прадметы этнаграфіі, галаснікі Каложскай царквы ў Горадне, рукапісныя кнігі і старадрукі (выданні Скарыны, татарскі Аль-Кітаб, Літоўскі Статут 1588 г). Паводле інвентара 1941 г. музей налічваў 13 450 адзінак захавання. Архіў музея зберагаў дакументы ад 18-га стагоддзя да сярэдзіны 20-га (звыш 9000 адзінак захавання). Бібліятэка налічвала звыш 14 000 тамоў.
Пасля перадачы Вільні Літве ў 1939 годзе беларуская культурная ўстанова ўвайшла спачатку ў склад Інстытута літуаністыкі, затым Акадэміі навук. Сталінскія рэпрэсіі знішчылі амаль усіх супрацоўнікаў Луцкевічава музея.
Па вайне ўлады Літоўскай і Беларускай савецкіх рэспублік зліквідавалі ВБМ. Сёння экспанаты былога музея знаходзяцца ў Нацыянальным і Мастацкім музеях Літвы, бібліятэцы Акадэміі навук Літвы, Нацыянальным музеі Беларусі, Архіве-музеі літаратуры і мастацтва Беларусі.
Беларускі банк і рэдакцыі (Vilniaus, 41)
Ад 1932 года і да самай вайны банк, “Пчала” і іншыя беларускія арганізацыі месціліся на вуліцы Каралеўскай (цяпер Barboros Radvilaites, 3) у будынку, дзе жыў і памёр Уладзіслаў Сыракомля.
Беларускі народны дом (Maironio, 2)У першай палове 1920-х да 1930 г. у Беларускім народным доме паблізу ад касцёла Святой Ганны ладзіліся вечарыны, чыталіся лекцыі. Часам тут спыняліся прыбылыя ў Вільню беларускія дзеячы. Потым месцілася Беларуская настаўніцкая семінарыя імя Ф. Багушэвіча.
Рыгор Шырма
Ад часу пераезду ў Вільню (1926) збіральнік і прапагандыст беларускага народнага песеннага фальклору Рыгор Шырма (1892-1978), які выкладаў ў Беларускай гімназіі спевы, жыў у “Базылянскіх мурах” - у невялікім пакойчыку над уваходнай аркай.
Беларускі інстытут гаспадаркі (Aušros Vartu, 6)
Амаль насупраць “Базыльянскіх муроў” у будынку псеўдарасійскага стылю, дзе сёння месціцца фешэнэбельны гатэль “Europa Royale Vilnius”, з 1926 года працаваў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Установа займалася стварэннем кааператываў, бібліятэк, клубаў, распаўсюдам ведаў.
Тарашкевіч і беларускія радыкалы (Vilniaus, 37)
З 1923 па 1926 гг. у кватэры № 7 на Віленскай, 12 (цяпер Vilniaus, 37) жыў Браніслаў Тарашкевіч - лідэр беларускага рэвалюцыйна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, аўтар класічнага правапісу беларускай мовы. На фасадзе будынка прымацаваная мемарыяльная дошка.
У левым крыле будынка ў розны час месціліся рэдакцыі радыкальных часопісаў, бюро Таварыства беларускай школы, Школьнай рады, Беларускі студэнцкі саюз. У некалькіх пакойчыках тут жылі нежанатыя дзеячы беларускага адраджэння: кампазітар Антон Грыневіч і мастак Язэп Драздовіч.
Беларускі пасольскі клуб (Daukšos, 13)
Пасля разгрому польскімі ўладамі ў 1927-м Беларускай сялянска-рабочай грамады - самай масавай беларускай партыі, у шэрагах якой налічвалася 100 тысяч чалавек, палітычныя інтарэсы беларусаў стаў прадстаўляць пасольскі клуб “Змаганне”. Сядзіба арганізацыі месцілася на вуліцы Піўной, 13 (цяпер Daukšos, 13 на рагу з Vanagelio). Менавіта тут 30 жніўня 1930 года палякі арыштавалі беларускіх паслоў сейму і кіраўнікоў змагання.
Улюбёны бар Караткевіча
Ва ўспамінах “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” слынны навуковец-беларусіст Адам Мальдзіс згадваў, што, будучы ў Вільні, яны любілі зайсці ў бар “Bociu” на рагу вуліц Святога Ігната і Татарскай (Šv. Ignoto, 4), прыводзячы двухрадкоўе Караткевіча:
Па дарозе ў “Бочу”Аднак выпіць чарку ў любімым антуражы Мальдзіса з Караткевічам нам з вамі не ўдасца. Ужо даўно на месцы бара - адна з найдарагіх у горадзе рэстарацый “Stikliu Bociai”.
БАЖНІЦЫ, МОГІЛКІ, ГІСТАРЫЧНЫЯ МЯСЦІНЫ
Царква Святой Тройцы (Aušros Vartu, 7b)
Святатраецкая царква - помнік сакральнай абарончай готыкі ВКЛ - разам з Прачысценскай і Мікольскай былі пабудаваныя (1516) вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім у гонар слыннай перамогі пад Оршай 1514 года. У 1608 г. кляштар пры царкве быў перададзены уніятам.
У 1823 г. першы паверх паўднёвага корпуса кляштара перароблены ў турму, вязнем якой быў Адам Міцкевіч. Пазней у ёй утрымліваліся ўдзельнікі паўстання 1830-1831 гг. У 1920-х у былым кляштары размяшчаліся праваслаўная духоўная семінарыя, Віленская беларуская гімназія, Беларускае навуковае таварыства і Віленскі беларускі музей.
Царква, вернутая вернікам (1991) пасля паўвекавой забароны, цяпер належыць уніяцкай украінскай грамадзе.
Царква Святога Духу (Aušros Vartu, 10)
Адзіны ў Літве праваслаўны храм з выразнымі рысамі віленскага барока. Заснаваны ў 1597 годзе на тым месцы, дзе ў 1347 годзе загінулі пакутніцкай смерцю за веру Хрыстову беларусы з дворскай дружыны князя Альгерда - святыя Антон, Іван, Яўстах. Іх мошчы дагэтуль захоўваюцца ў скляпеннях кляштара.
Мужчынскі і жаночы праваслаўныя кляштары - адзіныя ў Літве, якія дагэтуль дзейнічаюць.
Касцёл Святога Духу і Дамініканскі кляштар (Dominikonu, 8 - Sv.Ignoto,11)
Цяперашні будынак ужо прынамсі пяты на гэтым месцы. У 1408 годзе князь Вітаўт пабудаваў тут касцёл, які пры Казіміры Ягелоне ператварылі ў мураваны (1441).
У 1844-м расійскія ўлады ліквідавалі кляштар, у сценах якога па загадзе генерал-губернатара Мураўёва зняволілі ўдзельнікаў вызвольнага паўстання 1863 года на чале з Кастусём Каліноўскім.
5 верасня 1993 г. тут адбылася сустрэча Папы Рымскага Яна Паўла ІІ з вернікамі, у якой удзельнічалі арцыбіскупы-беларусы Тадэвуш Кандрусевіч і Казімір Свёнтэк.
Касцёл Святой Ганны (Maironio, 8)
Найпрыгажэйшы помнік палымянай готыкі Усходняй Еўропы быў узведзены ў 1495-1499 гг. на загад вялікага князя літоўскага Аляксандра. Ёсць легенда, што касцёл пабудаваў таленавіты юнак-дойлід з Менску, якога пасля забілі зайздроснікі. Паводле другой легенды, Напалеон, пабачыўшы касцёл, ашаломлена сказаў: “Каб мог, панёс бы яго на сваёй далонi ў Парыж...”.
Святая Ганна стала адным з найпапулярных вобразаў беларускай віленскай паэзіі.
Касцёл Святога Міколы (Šv. Mikalojaus, 4)
Фота Wikipedia |
У міжваенныя гады мінулага стагоддзя (1921-1939) у касцёле адбываліся рэгулярныя службы на беларускай мове. Як правіла, іх вёў легендарны беларускі ксёндз-патрыёт Адам Станкевіч.
Кафедральны касцёл Святых Станіслава і Ўладзіслава (Katedros aikšte)
Самы значны храм Вялікага княства Літоўскага быў закладзены яшчэ Ягайлам і Вітаўтам у 1387 годзе як гатычны. Пазней перабудоўваўся ў стылях рэнесансу, барока, віленскага барока і класіцызму, у якім і захаваўся да нашага часу.
Касцёл Святога Барталамея (Uzupio, 17a)
Фота Wikipedia |
Могілкі Росы (Rasu kapines)
Былі заснаваны ў 1801 годзе. Тут знайшлі апошні прытулак многія слынныя беларускія дзеячы.Шлях да магілаў Луцкевічаў і Аляхновіча: праз цэнтральныя вароты і налева да агароджы, потым - па сцежцы на ўзгорак. |
Помнік братам Луцкевічам. Фота К. Шастоўскага, Radzima.org |
Таксама на Росах пахаваны польскія жаўнеры, якія адмовіліся здаць зброю чырвонаармейцам у 1939-м і былі расстраляныя на месцы. Частку могілак займаюць магілы байцоў Арміі Краёвай.
Замкавая гара з вежай Гедыміна (Gedimino kalno)
Замкавую гару, парэшткі забудовы якой сягаюць 13 ст., яшчэ клічуць гарой Гедыміна - у гонар вялікага князя літоўскага, які, паводле легенды, заснаваў тут горад, пабудаваў фартэцыю і перанёс сюды сталіцу ВКЛ.З вежы Гедыміна, дзе сёння размешчаны філіял Літоўскага нацыянальнага музея, адкрываецца фантастычны від на стары горад. Вось як бачыў яго герой Коласавай паэмы “Новая зямля” дзядзька Антось:
І асталіся так навекі".
Зарэчча - раён Вільні, аддзелены ад Старога горада ракой Вялейкай. Часам яго параўноўваюць з парыжскім Монмартрам. У 16 ст. тут жылі пераважна рамеснікі. Цяпер яго цэнтральныя кварталы населеныя прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі горада. У 1997 годзе яны ці то ў жарт, ці то ўсур’ёз абвесцілі незалежнасць. Рэспубліка Зарэчча не прызнаная ніводнай іншай краінай, але мае ўласны сцяг, канстытуцыю, прэзідэнта, урад і войска з 17 жаўнераў :).
Рэспубліка Зарэчча мае сваю канстытуцыю, у якой пабач з сур’ёзнымі, ёсць і зусім незвычайныя пункты:
Фота Wikipedia |
Barboros Radvilaites g. (в. Каралеўская)
№ 3 - Жыў і памёр (1862) У. Сыракомля. Знаходзіўся беларускі банк і арганізацыі (ад 1932).
Bernardinu g.
№ 11 - Дом-музей Адама Міцкевіча.
Gedimino pr. (пр. Гедыміна)
Gedimino kalnas (Замкавая гара з вежай Гедыміна)
Daukšos g. (в. Піўная)
№ 13 - Беларускі пасольскі клуб.
Didzioji g. (в. Вялікая)
Dominikonu g. (в. Дамініканская)
Katedros aikšte (Кафедральны пляц)
Кафедральны касцёл Св. Станіслава і Уладзіслава.
Kauno g. (в. Ковенская)
— № 7 — Вайсковы шпіталь, дзе працавала Цётка і лячыўся Максім Гарэцкі.
Lukiškiu aikšte (Лукішскі пляц)
Maironio g. (в. Святой Ганны)
Pilies g. (в. Завальная)
Pylimo g. (в. Малая Пагулянка)
Rasu g.
— Могілкі Росы.
Šv. Ignoto g.
№ 4 — Улюбёны бар Уладзіміра Караткевіча “Bociu”.
Šv. Mikalojaus g.(в. Св.Міколы)
№ 4 — Касцёл Св. Міколы
Universiteto g. (в. Універсітэцкая)
Uzupio g. (в. Зарачанская)
Vilniaus g. (в. Віленская)
Vokieciu g. (в. Нямецкая)
№ 26 — Дом, дзе жыў Станіслаў Манюшка
Пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстана факталогія з наступных крыніц: