У Ню-Ёрку 2 жніўня пасля нядзельнай царкоўнай службы ў грамадскай залі Сабора Святога Кірылы Тураўскага, што ў Брукліне, адбылася сустрэча Зянона Пазьняка і палітыка і журналіста Сяргея Навумчыка з беларускай мясцовай грамадою.
Выступоўцы расказалі прысутным пра гістарычныя падзеі, якія адбываліся напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў. Зянон Пазьняк распавёў шмат цікавых падрабязнасцяў пра тое, як была прынята Дэкларацыя аб Дзяржаўным Суверэнітэце 27 ліпеня 1990 года, якія падзеі папярэднічалі абвяшчэнню суверэнітэта.
Сяргей Навумчык развеяў міфы аб суверэнітэце, якія пануюць у беларускім грамадстве. Пра нібыта “зваліўшуюся з неба” незалежнасць, згадаўшы пра дзесяткі тысяч загубленых жыццяў каліноўцаў, лістападаўцаў, людзей, якія загінулі падчас сусветных войнаў ды якіх забівалі энкавэдысты ў Курапатах, пра камуністаў “ініцыятараў праэкту Дэкларацыі аб Суверэнітэце”, пра “вызначальную ролю заходніх краін” ды “вярхоўны дазвол Расеі” на беларускую незалежнасць.
Такія сустрэчы, дзе на жыццёвых прыкладах распавядаецца пра перамогі нацыянальнага духу, волі ды розуму над маргінальнасцю мышлення ды апантанасцю бяздушных выканаўцаў, заўсёды прыдаюць дадатковай моцы. Нават у становішчы, калі, здаецца, ніякага выхаду няма, дзякуючы падтрымцы адзін аднаго ды аб’яднанню канструктыўных людзей, думак ды сілаў перамога можа быць дасягнута. Прыклад дзеянняў дэпутацкай групкі ад БНФ на пачатку 90-х, якая мела толькі 8% галасоў у Вярхоўным Савеце, - лепшае таму пацверджанне.