31 ліпеня 1949 г. у Амерыцы пачала дзейнічаць адна з найстарэйшых і найбуйнейшых арганізацый беларускай дыяспары – Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА).
Першая падрыхтоўчая сустрэча адбылася ў чэрвені ў Брукліне, а 31 ліпеня ў Манхэтане адбыўся арганізацыйны сход, на якім і было ўтворана БАЗА. Заснавальнікамі арганізацыі былі Мікола Гарошка, Мікола Дарашэвіч, Уладзімір Машанскі, д-р. Янка Станкевіч, Янка Ніхаёнак, д-р Аляксандр Орса, Міхась Тулейка.У 1950 г. арганізацыя атрымала афіцыйнае прызнанне з боку амерыканскіх уладаў. А 20 верасня 1950 г. з’явіўся першы нумар друкаванага органу БАЗА – газета ”Беларус”.За першыя тры гады дзейнасці беларускай арганізацыі былі створаны аддзелы ў Манхэтане, Брукліне, Мэспеце (Куінз). Пазней яны былі аб’яднаны ў Нью-Ёркскую акругу БАЗА. У 1951 г. быў заснаваны аддзел у Кліўлендзе (Агаё). Праз некаторы час паўсталі аддзяленні і ў другіх гарадах ЗША.15 кастрычніка 1951 г. беларуская грамада Нью-Ёрку набыла будынак пад Беларускі народны дом і сабор Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.За гэтыя гады БАЗА ніколі не прыпыняла дзейнасці на карысць Беларусі і беларусаў, як тых, што жывуць у ЗША, так і ў Беларусі. У планах–далейшае развіццё і пашырэнне.