"Надыйшоў час змяніць назву апошняй дыктатуры ў Еўропе. Па-беларуску, таксама, як і ў большасці іншых моў, карыстаюцца назвай "Беларусь", - гаворыць у паведамленні для прэсы Біргіта Ульсан, адказная за міжнародныя стасункі адной з партый кіруючага альянса, Народнай ліберальнай. Беларусь па-шведску называецца Vitryssland, што даслоўна перакладаецца як "Белая Расія".
"Якім чынам можна рэагаваць на велізарныя праблемы з дэмакратыяй у Беларусі, калі большасць шведаў нават не ведаюць пра існаванне краіны, а лічаць, што гэта частка Расіі?" - з такім пытаннем Біргіта Ульсан звярнулася да Міністра замежных спраў Швецыі Карла Більта.
Акрамя гэтага, спадарыня Ульсан звярнулася да Міністра міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця Гунілы Карлсан з пытаннем наконт рашэння Шведскага радыё спыніць вяшчанне на беларускай мове на карысць рускамоўных праграм.
" Шведскі ўрад падтрымлівае дэмакратызацыю ў Беларусі, аднак, Шведскае радыё, відавочна, не падтрымлівае гэтай кропкі гледжання. 1 верасня Шведскае радыё спыняе вяшчанне на беларускай мове. З гэтых перадач жыхары самай несвабоднай краіны ў Еўропе даведваюцца, як функцыянуе дэмакратычнае грамадства. Інгемар Лёфгрэн, кіраўнік рэдакцыі міжнароднага вяшчання Шведскага радыё, лічыць, што вяшчанне на рускай мове можа замяніць вяшчанне па-беларуску. Беларуская мова - асобная мова. А руская мова з часоў Саветскага саюза не з'яўляецца чымсьці, што шмат беларусаў звязваюць з дэмакратыяй", - кажа Біргіта Ульсан у паведамленні для прэсы.