У Лапічах ля Крынак (Польшча) распачынаецца Х юбілейны "Беларускі Трыялог"

Ініцыятарам сустрэч інтэлектуалістаў з’яўляецца беларускі пісьменнік у Польшчы Сакрат Яновіч. Сёлетні Трыялёг галоўным чынам прысвечаны дзесяцігоддзю Згуртавання "Віла Сакрата", ды ягонай ролі ў беларускай культуры еўрапэйскага маштабу.

Асаблівую ўвагу удзельнікі звернуць на дзесяць выпускаў міжнароднага штогодніка "Annus Albaruthenicus - Год Беларускі", які выходзіць намаганнямі Згуртавання на мовах кантыненту.

У Трыялозе прымаюць удзел вучоныя з Польшчы, Беларусі, Нямеччыны, Вугоршчыны,  сваю цікавасць падрыхтоўкай адзінаццатага выпуску штогодніка таксама выказалі інтэлектуалісты з Англіі, Аўстрыі, Італіі, Скандынавіі, Канады. У праграме побыту — аўтарскія сустрэчы, студыйны аб’езд па мясцовасцях уздоўж мяжы Беларусі і Еўрасаюзу.

Трылог патрывае тры дні. Пасля поўдня ў першы дзень канферэнцыі адбудзецца вернісаж Лявона Тарасэвіча, а таксама прэзентацыя новага праекту Паўла Грэся (старыя фотаздымкі жыхароў крынскай Пагулянкі, на прывулічных платах). У пятніцу вечарам свае лірычныя песні заспявае Зміцер Вайцюшкевіч.

"Беларускі Трыялог 2009" праводзіцца дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністра унутраных спраў і Адміністрацыі Польшчы.

 

Наталля Герасімюк, Радыё Рацыя.