Як Коласаў пляменнік стаў завадатарам беларусаў у ЗША

Аялксандр МицкевічДзве сусветныя вайны, бясконцыя акупацыі ды дзесяцігоддзі за “жалезнай заслонай”. Не дзіва, што больш як 3 мільёны чалавек з беларускімі каранямі раскіданы сёння па ўсёй планеце. Але толькі невялікая купка з іх здолела захаваць родную мову, узгадаваць дзяцей у традыцыях дзядоў і зрабіць значны ўнёсак у развіццё цэлай нацыі.

У 1944 годзе Аляксандр МІЦКЕВІЧ вырашыў, што яго месца - на Захадзе ды перабраўся ў Нью-Йорк. Доўгія дзесяцігоддзі пляменнік Якуба Коласа быў адным з арганізатараў жыцця беларускай дыяспары за акіянам. “Ды мне проста неяк ня хочацца пахваляцца”, - увесь час паўтарае ён. Сціпласць - Міцкевічаў брэнд. Міцкевічаў родНаша сустрэча адбылася пяць гадоў назад, на адным з паседжанняў нью-йоркскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА). Спярша была дамоўленасць аб інтэрв'ю, пасля ліставанне і тэлефонныя размовы. Нарэшце - цёплы, па-беларуску гасцінны прыём.Хата Міцкевічаў месціцца ў працоўным раёне Кўінсу Элмгурст і ўяўляе сабой тыповы двухпавярховы катэдж сярэднестатыстычнай амерыканскай сям’і. Брамка ля ўваходу і невялічкі плот вакол будынка ёсць неад’емным антуражам беларускай рэчаіснасці, але ў Нью-Йорку выглядаюць дзіўнавата. На сценах у светлай прасторнай гасцёўні - святыя абразы і “Пагоня”, партрэты дзвюх дачок і ўнукаў. “Гэта наш Юзік! Бачыце, які прыгожы, - з гордасцю распавяла мне тады жонка Міцкевіча спадарыня Тэрэса. - Будзе спартовым журналістам. І хоць прозвішча яго Парзьяле (бо бацька італьянец), але ён цудоўна ведае беларускую мову. І па-польску таксама можа. Мы ж гадавалі!”За гэтыя гады Джэймс Парзьяле на выдатна скончыў універсітэт і, папрацаваўшы ў невялікіх выданнях, уладкаваўся вэб-рэдактарам спартовага аддзела адной з найбуйнешых нью-йоркскіх газет New York Daily News. “Цяпер праз крызіс рэдакцыя пазвальняла многіх супрацоўнікаў, дык на астатніх абрынулі шмат дадатковай работы, - тлумачыць мне ў тэлефоннай размове Алесь Міцкевіч. - Вось і змушаны ўнук працаваць ледзь не суткамі. Бывае, што і не спіць па начах. Але што зробіш? Такі час”. У працоўны кабінеце Міцкевіча вытрыманая ў строгім стылі мэбля, акуратна прыбраны, масіўны дубовы стол - нічога лішняга. На сцяне партрэт слыннага дзядзькі, які, бы жывы, кідае задуменны і разважлівы позірк у пакой. Гляджу на Алеся Іванавіча, тады на Канстанціна Міхайлавіча і адзначаю дзіўнае падабенства між імі. Вось дзе, сапраўды, Міцкевічаў род! Настаўніцкая дынастыяЁн гаворыць нетаропка, узважана, і гэтая няспешнасць надае ягонаму дарэформеннаму беларускаму вымаўленню (такое пачуеш толькі ад эмігрантаў паваеннай хвалі) асаблівую мілагучнасць. - Я з 1919 году нараджэння з вёскі Мікалаеўшчына. У Міхала і Ганны Міцкевічаў было шмат дзяцей. Адным з іх быў Кастусь (будучы Якуб Колас). Міхаліна - родная сястра Костуся - гэта мая маці. Апрача Міцкевічаў у нашай вёсцы была яшчэ вядомая сям’я Лёсікаў. Маці Коласа прыходзілася сястрой Язэпу Лёсіку - педагогу, мовазнаўцу, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, - дзяліўся сваёй гісторыяй Коласаў пляменнік. Рыжскі мірны дагавор (18.03.1921 г.) падзяліў Беларусь паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Па розныя бакі ад мяжы апынуліся і Міцкевічы. Алесь, як і большасць мікалаеўшчынскіх, застаўся пад Польшчай. Якуб Колас - у БССР. Іх жыццёвыя пуцявіны ніколі не скрыжоўваліся, але светапогляд нашага героя, няма сумневу, быў сфармаваны пад магутным дзядзькавым уплывам. Яшчэ ў 7-гадовай польскай пачатковай школе, якую скончыў у 1935-м, хлопчык паабяцаў сабе жыць і працаваць "для Беларускай справы". А пасля працягнуў сямейную традыцыю ды стаў настаўнікам. З уключэннем Заходняй Беларусі ў склад БССР (14.11.1939 г.) вялікая радзіна Міцкевічаў уз'ядналася. Скончыўшы 6-месячныя савецкія настаўніцкія курсы ў Стоўбцах, Алесь выправіўся ў вясковую Жыгалкаўскую школку - прывіваць малым беларусікам любоў да роднай мовы і гісторыі. Неўзабаве радзіма апынулася пад нямецкім ярмом. Разам са смерцю і паняволеннем нямецкая акупацыя прынесла на Беларусь адраджэнне разгромленых сталінскай уладай нацыянальнай культуры, школьніцтва і рэлігіі. Наш герой працягваў сумленна выконваць свой доўг, навучаючы дзяцей у пачатковай школе вёскі Крамец Стаўбцоўскага раёну. “Калі скончыўся навучальны год, - распавядае ён, - стала зразумела, што далейшыя заняткі ды іншая грамадска-культурная дзейнасць немагчымыя. Савецкія партызаны распушчалі школы. За непаслушэнства палілі будынкі, а настаўнікаў забівалі”. На выгнанне"...Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды”, - гэтыя словы пра заканчэнне Другой сусветнай вайны належаць Васілю Быкаву. Сотні тысяч беларусаў - сяляне, работнікі, інтэлігенцыя - палічылі вяртанне савецкай улады непрымальным ды эвакуяваліся на Захад. - Я падзяляў пазіцыю дзядзькі Міхася (брат Я. Коласа, вядомы ў літаратуры пад псеўданімам Антось Галіна. - TUT.BY), які лічыў, што бальшавікі не дазволяць нам спакойна жыць, - гаворыць Алесь Міцкевіч. - Сам дзядзька ў часе вайны браў актыўны ўдзел у беларускіх грамадcкіх і асветных арганізацыях, працаваў інспектарам школаў. Лёс склаўся так, што на эміграцыі для беларушчыны былі значна большыя магчымасці, чымся на радзіме.- Няўжо аўтарытэту Коласа было недастаткова для абароны крэўных?- Пра тое, што ў 1930-я класік клаўся спаць не распранаючыся чулі ўсе. Як вядома і тое, што ягоныя творы калісьці друкаваліся ў газеце праБНРаўскага напрамку “Беларусь” (пазней - “Вольная Беларусь”), якую рабілі і выдавалі Лёсік, Купала, Бядуля, Ванда Лявіцкая, Міхась Міцкевіч... Бальшавікі ніколі на гэта не забываліся. Відавочна, Колас ня мог абараніць сябе, не кажучы ўжо пра ўсіх сваякоў.Першым прыпынкам была Аўстрыя. Потым - Францыя, Бельгія. Нават спрабаваў вучыцца на філасофскім факультэце знакамітага Лёвэнскага каталіцкага універсітэту, але хутка вымушаны быў адмовіцца ад гэтае ідэі. Па-першае, выкладанне філасофіі вялося на фламандскай мове. Большасць жа беларусаў патрапілі на французскамоўнае аддзяленне і далі рады: бралі ў месцічаў канспекты і па іх рыхтаваліся да іспытаў. Па-другое, Алесь быў прыкметна старэйшы за хлопцаў... Нарэшце ў 1955-м пляменнік дачакаўся запрашэння ад дзядзькі Міхася (1897-1991), які атабарыўся ў Нью-Йорку. У вольным свецеНью-Йорк - з вялікім выбарам некваліфікаванай працы і згуртаваннем усходнееўрапейскіх дыяспар - стаўся адным з цэнтраў беларускага перасялення. Першым палітычным уцекачам звычайна дапамагалі ці то рэлігійныя арганізацыі, ці тыя са сваякоў і знаёмых, хто перабраўся ў Новы Свет раней. Праз шэсць гадоў следам за Алесем прыехаў яго старэйшы брат Валянцін (1918-2005), які падчас вайны служыў у Войску Польскім і ўдзельнічаў у абароне Варшавы. Ад пачатку Алесь Іванавіч рабіў садоўнікам. Пазней уладкаваўся ў персанал цыклапічнага 40-павярховага хмарачоса на бамонднай 42-стрыт у самым цэнтры Манхэтану. “Будынак абслугоўвалі 50 чалавек. Працавалі ўначы. Са сваімі абавязкамі я звычайна спраўляўся за пару гадзінаў, астатні ж час скарыстоваў для беларускіх справаў. Занятак не надта прэстыжны, але праз тое, што арганізацыяй апекаваліся гарадскія ўлады, атрымліваў сацыяльную падтрымку на сям'ю, а ў пазнейшыя гады - і чатырохтыднёвыя вакацыі. Тут гэта лічыцца раскошай”, - узгадвае спадар Алесь, усміхаючыся.Пра свае дасягненні адзін з найстарэйшых беларускіх імігрантаў у Злучаных Штатах гаварыць не любіць: "Мая роля ёсць сціплая". Між тым Алесь Міцкевіч быў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэта (дабрачынная арганізацыя для дапамогі беларусам у працэсе эміграцыі і ўсталявання ў ЗША. - TUT.BY). Старшынстваваў у нью-йоркскім аддзеле найбуйнейшага грамадска-палітычнага згуртавання дыяспары Беларуска-Амерыканскае задзіночанне і Царкоўнай радзе пры Кафедральным саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Арганізоўваў распаўсюд галоўнай эмігранцкай газеты “Беларус”. 15 гадоў выдаваў двухтыднёвік “Весткі і паведамленьні”. Актыўна ўдзельнічаў у зборы сродкаў на дапамогу пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы на Беларусі... Усяго і не пералічыш. Настаўніцкая загартоўка, шырачэзны жыццёвы кругагляд, надзвычайная адказнасць і педантычнасць у характары дазволілі яму ў роўнай ступені паспяхова пісаць і рэдагаваць газетныя артыкулы, цягам многіх гадоў выконваць функцыі скарбніка ды трымаць кантакты з усімі канцамі вольнага свету (ад Аўстраліі да Аргенціны), дзе пусцілі карэнне беларусы. Разумееш гэта, калі зазіраеш у Міцкевічаву камору-архіў, знізу дагары наладаваную дакументамі, кніжкамі і перыёдыкай. Усё там упарадкавана, усё на сваіх месцах. “Вось тут, - ён выцягвае з паліцы пажоўклы сшытак, - улічваліся ахвяраванні на дапамогу палітычным уцекачам з Беларусі ў эпоху Лукашэнкі. Там, - паказвае на другую тэчку, - складкі на выданне газеты "Беларус"...” Праца такіх людзей непрыкметная для большасці, але менавіта дзякуючы ім беларуская справа ў замежжы не толькі выжыла, але і надала магутны імпульс развіццю метраполіі.“Надта многа змянілася”“Заўжды раўняўся да тых, хто безупынна і колькі можа аддаецца для сваіх людзей, беларусаў. Галоўнае для мяне - жыць сярод свайго народу і працаваць для беларускае справы з упэўненасцю, што не раблю шкоды. У "Евангеллі" напісана: "Дапамажы бліжняму свайму". Гэта абавязак кожнага, - кажа сябар Рады БНР Алесь Міцкевіч, якому ў лістападзе споўніцца 90. Некалькі разоў за гэтыя гады я пытаўся ў Алеся Іванавіча, ці не хацеў бы ён наведаць радзіму. І ў адказ чуў нязменнае: “Славуты польскі імігрант Ежы Гедройц, дарэчы, менчук па нараджэнні, ніколі не вяртаўся на Бацькаўшчыну, бо не мог суіснаваць з цяперашняй польскай ментальнасцю. Гэтаксама і я. Надта ўжо многа змянілася. Незваротна многа...”. Алесь Міцкевіч не быў на радзіме 65 гадоў, але ў думках не расставаўся з ёй ні на дзень. Ён уражвае сваёй абазнанасцю не толькі ў гістарычных, але і ў бягучых палітычных працэсах на радзіме і ў свеце; лічыць, што на карэнныя змены Беларусі патрэбна гадоў 30; ускладае асаблівы спадзеў у справе адбудовы "сапраўды беларускай Беларусі" на настаўнікаў; дзеліцца багатым жыццёвым вопытам з моладдзю.Калі бачаць перад сабой новыя юнацкія твары маладой іміграцыі, заглядаюць ў іх бліскучыя захопленыя вочы, беларусы паваеннае хвалі адчуваюць палёгку: справа ўсяго іхняга жыцця - змаганне за беларушчыну - не згіне. Вяртанне назаўжды?У маёй сямейнай бібліятэцы ёсць фотаальбом "Якуб Колас. Жыццё і творчасць" (1974) з памятным аўтографам  Коласава брата Юзіка - маім бабулі і дзядулі. На адной са старонак - партрэты братоў і сёстраў літаратара. Усіх, апроч аднаго. "Калабаранту" і "здрадніку радзімы" Міхасю Міхайлавічу Міцкевічу не знайшлося месца ў савецкай кніжцы эпохі брэжнеўскага застою. Адсечаны ад усяго свайго, ён напісаў аднойчы ў лісце да сястры: “Гэтымі днямі атрымаў атлас пра Коласа. Там ёсць здымкі Уладзі, Алеся, Лены, Юзіка, Міхаліны, Юзі і твая, Маня. А я хіба не існую?..” Стаўленне сённяшняй улады да палітэмігрантаў паваеннай хвалі істотна не змянілася, хоць некаторыя зрухі ўсё ж адбыліся. Гэтак у гістарычна-дакументальнай хроніцы "Памяць. Стаўбцоўскі раён" ("Беларуская энцыклапедыя", 2004) ёсць біяграмы і Міхася Міцкевіча, і ягонага пляменніка Алеся. Хочацца верыць, пасля паўвекавога забыцця яны вярнуліся на радзіму назаўсёды.

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Аляксандар Іванавіч Міцкевіч нарадзіўся 15 лістапада 1919 ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага павету. Скончыў 7-гадовую польскую пачатковую школу (1935), 6-месячныя савецкія настаўніцкія курсы ў Стоўбцах. Працаваў настаўнікам пачатковых школаў вёсак Жыгалкі і Крамец.

З лета 1944 году - на эміграцыі. Жыў у Аўстрыі, Францыі, Бельгіі. У 1949-1950 гадах актыўна ўдзельнічаў у працы Каардынацыйнага камітэту беларускіх арганізацыяў у Францыі. З 1955 - у ЗША.

Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэту. Сябар, старшыня (1982-1997) Нью-йоркскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА). Радны, старшыня (1979-1981) Царкоўнай Рады пры Кафедральным Саборы імя Св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Цягам многіх гадоў распаўсюджваў газету "Беларус" (Нью-Йорк). Выдаваў двухтыднёвік БАЗА "Весткі і паведамленьні" (1982-1997), для жыхароў Нью-Йорку і ваколіцы штомесячна друкаваў машынапісны "Цыркуляр" (1996-1997). Быў скарбнікам  згаданых арганізацыяў.

Браў актыўны ўдзел у збіранні матэрыялаў да кнігі Зоры і Вітаўта Кіпеляў "Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе" (1999). Сябар Рады БНР. Мае дачок Марыю, Яланту і ўнука Юзіка. Разам з жонкай Тэрэсай жыве ў Кўінсе (Нью-Йорк).

Кастусь Лашкевич, ТUT.BY