Звычайнныя будні незвычайнага чалавека

Экспазіцыя Валера БарташаВа ўкраінскім горадзе Севастопалі, у доме нумар 6 па вуліцы Гвардзейскай ёсць вельмі незвычайная кватэра. Жыве ў ёй старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя М. Багдановіча “Пагоня” Валеры Барташ з сям’ёй. Ягоная кватэра ўяўляе сабой сапраўдны музей. Экспазіцыю, прысвечаную тэме ўдзелу беларусаў у абароне і будаўніцтве Севастопаля і беларускай прысутнасці ў Севастопалі ў прынцыпе, можна па праву назваць унікальнай.

Валеры Барташ нарадзіўся ў вёсцы Каскевічы Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. Калі Валеру было тры гады, сям’я пераехала на Ўкраіну ў горад Севастопаль. Валерыя Міхайлавіча заўсёды хвалявала тое, у якім становішчы апынулася беларуская мова і культура, і здзіўляла абыякавасць беларусаў, іх нежаданне змагацца за адраджэнне роднай мовы і культуры. Аднак, калі ў ліпені 1997 года ён патрапіў на Другі з’езд беларусаў свету, то зразумеў, што ёсць у Беларусі і па-за яе межамі вельмі шмат неабыякавых людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё адраджэнню Беларусі як суверэннай дзяржавы, развіццю беларускай культуры. З гэтага моманту і пачалася актыўная дзейнасць Валерыя Барташа на ніве беларушчыны. У 1997 годзе ён стварыў Севастопальскае таварыства беларусаў імя М. Багдановіча “Пагоня” і з тае пары вось ужо 12 год з’яўляецца яе нязменным кіраўніком. Таварыства “Пагоня” займаецца даследчыцкай, асветніцкай дзейнасцю, а таксама праводзіць працу, якая дапамагае кансалідаваць людзей. Па словах Валерыя Барташа, мэта іх дзейнасці “кансалідацыя людзей на пазітыўных гістарычных прыкладах. Такіх Чарнаморскі флот і Севастопаль даюць сотні і нават тысячы”.

Валеры Барташ шмат год даследуе тэму ўдзелу беларусаў у абароне і будаўніцтве Севастопаля. Цікавасць да гэтай тэмы ў яго невыпадковая. Валеры Міхайлавіч – былы матрос дапаможнага флота Чарнаморскага флота, служыў у мінна-тарпедным арсенале, удзельнічаў у баявых дзеяннях. У яго хатнім музеі шмат экспанатаў на флотскую тэматыку: кулі, сцягі, спражкі, гербы, знакі, іконы, вышыўкі, сувеніры, карціны, фотаздымкі. Частка экспазіцыі прысвечана творчасці славутага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Таксама шмат матэр’ялаў, прысвечаных удзелу севастопальскіх беларусаў у Крымскай вайне і ў Вялікай айчыннай вайне і гісторыі сям’і Валерыя Барташа.

Прааналізаваўшы севастопальскую Кнігу Памяці, Валеры Барташ склаў спецыяльную картатэку на беларусаў, якія загінулі падчас абароны і і вызвалення галоўнай базы Чарнаморскага флота.  На сёняшні дзень ягоная картатэка ўключае імёны больш як 500 воінаў, і пошук усё яшчэ працягваецца.

У хатнім музеі Валера Барташа

У хатнім музеі Валера Барташа

Экспазіцыя Валера Барташа

Экспазіцыя Валера Барташа

экспазіцыя Валера Барташа

Хатні музей Валера Барташа

Экспазіцыя Валера Барташа

Экспазіцыя Валерыя Барташа цікавая не толькі для севастопальцаў. Прыязджаюць госці і з-за мяжы. Зусім нядаўна, у другой палове чэрвеня, музей наведалі члены ваенна-гістарычнага таварыства Расійскай Федэрацыі. Госці высока ацанілі  матэр'ялы экспазіцыі і зрабілі запіс ў спецыяльнай кнізе для водгукаў.

Сярод апошніх падзей, у якіх прымала ўдзел таварыства “Пагоня”, варта адзначыць круглы стол на тэму “Літоўскія, беларускія, польскія татары. Хто яны?”, што адбыўся 21 чэрвеня 2009 года. Мерапрыемства было прысвечана  памяці беларускага гісторыка Ібрагіма Канапацкага. Яго ўдзельнікі азнаёміліся з літаратурай па гісторыі літоўска-беларускіх татараў, фотаматэр'яламі. Валеры Барташ распавёў пра лёс літоўска-беларускага татарына, генерала Мацея Сулькевіча, і яго ролю ў станаўленні дзяржаўнасці ў Крыме ў 1918 годзе. Затым удзельнікі круглага стала наведалі сяло Ус-кут, адкуль у траўні  1944 года былі высланы яго жыхары – крымскія татары. Каля памятнага каменя  з надпісам пра трагічныя падзеі быў  схілены сцяг беларускіх татараў – бел-чырвона-белы з месяцам і зоркай.

27 чэрвеня Валеры Барташ прыняў удзел ў мерапрыемстве, прысвечаным 170-годзю са дня ўсталявання помніка нашаму земляку, камандзіру легендарнага брыга “Меркурый”, капітан-лейтэнанту Аляксандру Казарскаму.

3 ліпеня севастопальская “Пагоня” ўдзельнічала ў жалобных мерапрыемствах, прысвечаных 65-годдзю трагічных падзеяў на мысе Херсанес, падчас якіх заінула 80 тысяч абаронцаў Севастопаля.

18-19 ліпеня Валер Барташ прысутнічаў у якасці дэлегата на Пятым з’ездзе беларусаў свету, дзе ён быў абраны ганаровым сябрам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. “Я быў агаломшаны гэтым тытулам. Я абсалютна гэтага не чакаў”, – дзеліцца сваімі пачуццямі Валеры Барташ.

Пасля з’езду Валеры Міхайлавіч наведаў сваю малую радзіму, ён перадаў Гісторыка-краязнаўчаму музею Круглянскага раёна матэр’ялы, прысвечаныя дзейнасці свайго бацькі Міхаіла, які камандаваў зенітнай батарэяй СПА Чарнаморскага флота ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і свайго дзядзькі – падпольшчыка Сяргея Сухоцкага, а таксама медалі, гарматнае ядро часоў Крымскай вайны ды іншыя прадметы па тэме беларускай прысутнасці ў Севастопалі.

Як бачым, жыццё севастопальскай “Пагоні” і яе кіраўніка ў прыватнасці багатае на падзеі. А што тычыцца далейшых планаў, то на гэтае пытанне Валеры Барташ адказаў адным сказам: “Лічу сваім абавязкам пакінуць нашчадкам грунтоўнае даследаванне па тэме ўдзелу беларусаў у абароне Севастопаля”. Аднак за гэтым простым сказам хаваецца карпатлівая штодзённая праца.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"