Дэлегаты ад ТБК у Вільні пра Пяты з’езд беларусаў свету

18-19 ліпеня 2009 г. у Мінску праходзіў V З’езд  беларусаў свету. Ад Таварыства Беларускай Культуры ў Літве на ім прысутнічала 7 дэлегатаў: старшыня ТБК Хведар Нюнька і сябры Рады ТБК Леакадзія Мілаш, Крыстына Балаховіч, Сяргей Карабач, Васіль Акуневіч, Алесь Трусаў і Алесь Адамковіч. Усяго ж з Літвы прысутнічаў 21 чалавек.

Дэлегатаў і гасцей з’езду прывітала Прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла. Яе голас прагучаў у зале ў запісе, бо яна сама па палітычных прычынах не змагла прыехаць на этнічную Бацькаўшчыну і асабіста прывітаць сваіх суродзічаў. Прэзідэнт жа  краіны тытульнай нацыі нават не палічыў за патрэбнае павіншаваць прыехаўшых у Мінск беларусаў з усяго свету. Відаць таму, што прыехалі менавіта беларусы, а не рускія.

На  з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі некаторых амбасадаў у Беларусі. Вельмі было прыемна чуць прамову амбасадара Швецыі Стэфана Эрыксана на добрай беларускай мове, які прывітаў беларусаў свету.

На жаль, лёс беларусаў такі, што яны непатрэбныя ў сябе на Бацькаўшчыне, дый непатрэбныя нідзе. Улады хацелі б бачыць іх памяркоўнымі да рэжыму і зрусіфікаванымі, а не нацыянальна свядомымі. Нават і памяшкання для правядзення з’езду знайсці было немагчыма. Толькі ў апошні час знайшліся дзьве залі: у Міжнародным адукацыйным цэнтры і на трактарным заводзе. Для правядзення з’езду была выбрана заля Міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Не гледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды ўсё ж такі прысутнічалі прадстаўнікі ўлады. Цяжка адназначна зразумець гэты крок. Не думаю, што гэта паворот дзяржавы да Беларусі і беларускасці. Відаць ім у сёняшні цяжкі час эканамічнага крызіса спатрэбілася падтрымка беларускай дыяспары, палітычную моц якой яны ўсё ж адчуваюць і разумеюць яе значэнне ў вырашэнні ролі Беларусі. І таму, калі дыяспара прызнае гэты рэжым, то ў вачах дэмакратычнага свету ён будзе таксама прызнаным.

А пануючая ўлада раздзяліла беларусаў, як адзначыў былы старшыня „Бацькаўшчыны“ Алесь Марачкін, лініяй сталіна на два варожыя лагеры: на беларусаў чэсных і нячэсных. І вось сабраныя тут суродзічы з большага былі з нячэсных. Таму думаю, што нават і не мае падставаў меркаваць, што рэжым паварочваецца тварам да беларускасці. Русіфікацыя набыла нават больш страшны выгляд, чым за часамі таго ж Сталіна. І самы галоўны кіраўнік дзяржавы беларусаў у адкрытую заяўляе, што на беларускай мове нават нельга выказаць нічога вялікага. За гэту мову збіваюць на вуліцах, судзяць, садзяць у вастрогі. І ў той жа час паўсюль крычыцца, што створаны найлепшыя ўмовы па захаванні беларускай мовы і культуры.

Слухаючы прамовы беларускіх чыноўнікаў, складвалася ўражанне, што ніколі не было лепшых умоваў для развіцця культуры і мовы тытульнай нацыі. І нават падумалася, што, прыехаўшы на наступны з’езд, мы апынемся ў цалкам беларускай Беларусі. На вуліцах, у крамах, школах, універсітэтах будзе гучаць толькі беларуская мова, будуць адноўлены, захаваны і рэстаўраваны амаль усе помнікі культуры і архітэктуры. Хаця  задэкляравалі пра гэта, бо раней і такога пачуць было нельга. І мову дыялогу з дыяспарай абралі між іншым беларускую. Прычым не трасянку. І ўсё чыноўнікі, за рэдкім выключэннем, прамаўлялі на добрай беларускай мове.

[…]

Дзяржава сёння прызнае, што трэба больш  шчыльна супрацоўнічаць з дыяспарай і дапамагаць ёй не толькі маральна, але і матэрыяльна. Але ў той жа час зазначалася, каб беларускія бізнесоўцы замежжа ўкладвалі свае грошы ў беларускую эканоміку. Зноў жа спроба знайсьці карысць для сябе.

[…]

Ад ТБК выступіў яе старшыня Хведар Нюнька. Ён зазначыў аб праблемах беларусаў Літвы. Праблемы, што прагучалі ў яго выступленні, пераклікаліся з іншымі дакладчыкамі. Гэта і тое, што беларусам няма ад каго чакаць дапамогі і тое, што адбываецца іх дэнацыналізацыя не толькі ў замежжы, але і ў межах самой Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці ён зазначыў:

Ужо новае пакаленне беларусаў Літвы пачало далучацца да мовы і культуры літоўскай, рускай, ці польскай, бо свайго не існавала. Аставалася горстка старэйшых нацыянальна сведамых віленчукоў, што ў бальшыні вярнуліся са сталінскіх лагероў. Гэта яны ў часе гарбачоўскай адлігі спрычыніліся да адраджэння і дзейнасці беларускіх культурных арганізацыяў у Літве. Вось некаторыя з іх: Зоська Верас, Лявон Луцкевіч, Леванід Кароль, Мікола Рулінскі, Кастусь Шышэя, Аляксей Анішчык і другія. Нажаль, сёння ў жывых іх нікога няма. /.../ Другія нац. меншасці ў Літве маюць лепшыя ўмовы, бо за імі стаяць іх метраполіі.. /.../ Другая сітуацыя ёсць у нашай Бацькаўшчыне Беларусі. На працягу звыш 10 гадоў ідзе зніштажэнне беларускасці, яе мовы, культуры і гісторыі. Чалавек з беларускай мовай на вуліцы становіцца аб’ектам увагі стражаў парадку, альбо абразы з боку прыхільнікаў сталінізму. /.../ У гарадах няма беларускіх школ. Ва ўсёй рэспубліцы ні адной беларускай ВНУ, не працуе беларуская царква. Не на прыкладах змагання беларускіх патрыётаў за Беларусь, ахвяруючы свабодай і жыццём, а на лініі сталіна і помніках акупантам выхоўваецца моладзь. Таму сёння беларуская нацыянальнасць не прэстыжная і па асобных раёнах Беларусі не беларусамі лічаць сябе да 80 % насельніцтва. Адсюль самі рабіце высновы пра магчымую будучыню Беларусі. Таму заклікаем спыніць ганенне на беларускіх патрыётаў, каб выхаваць з моладзі дастойных грамадзян сваёй краіны“.

У канцы з’езду быў прыняты шэраг рэзалюцый, датычных захавання беларускай нацыі ў ХХІ стагоддзі, а таксама адбыліся выбары кіруючых органаў. Новай старшынёй „Бацькаўшчыны“ адзінагалосна была абрана Алена Макоўская. З чым яе шчыра віншуе ТБК.

Не гледзячы на ўсё вышэй пералічанае, засталася надзея. Так, гісторыя сфальсіфікаваная, мова практычна знішчаная. Але... Яна жывая сярод тых беларусаў, якіх прэзідэнт краіны абразліва называе свядомымі. І перадусім яна жыве ў беларускіх дыяспарах, якія што раз нагадваюць, што беларусы ёсць нацыя не толькі зрусіфікаваных і з гісторыяй ад 1917 года., але гэта старажытная нацыя, пачынальнікамі якой былі князь полацкі Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Еўфрасінія Полоцкая. Гэта значыць, яе вытокі ў сівой даўніне. Яе прадстаўнікі былі вядомы на працягу свайго тысячагодовага існавання ва ўсім сьвеце. І тое, што сёняшняя ўлада прыйшла да гэтых, з другой лініі сталіна, так званых свядомых, і размаўляла з імі на мове, на якой нельга выказаць вялікіх рэчаў, сведчанне таго, што гэта акупацыйная ўлада прызнала ўрэшце існаванне беларусаў, патэнцыял беларускай дыяспары і што з імі трэба лічыцца.

Алесь Адамковіч

Вільня, 21 ліпеня 2009 г.

Надрукавана ў скароце