Віленская арцыбіскупская курыя адмовіла ва ўсталяванні дошкі-памяці ксяндзу Адаму Станкевічу ў касцёле св. Мікалая ў Вільні, дзе кс. Адам служыў большую частку свайго святарскага жыцця на беларускай мове.
Усё жыццё за беларускасць цярпеў знявагі. Спачатку ад польскіх уладаў. Нават ардынарый Віленскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Ялбжыкоўскі не павіншаваў святара сваёй дыяцэзіі ксяндза Адама Станкевіча з 25-годдзем яго святарства. Пазней – ад савецкай улады, ад рук якой загінуў у нетрах ГУЛАГа, з’яўляючыся да канца апошніх дзён адданым Апостальскаму каталіцкаму касьцёлу і верным пастырам Хрыстовым. І вось сёняшні парадокс. Касцёл, якому самаахвярна служыў кс. Адам Станкевіч, у асобе кіраўнікоў Віленскай Курыі, адмовіўся даць дазвол на ўшанаванне яго памяці.
Рада Таварыства беларускай культуры ў Вільні звяртае ўвагу на тое, што папярэднікі літоўскага іерарха Вілкавіскі дапаможны біскуп Мечыслаў Рэйніс і Кайшадорскі біскуп Язэп Кухта вельмі прыязна ставіліся да кс. Станкевіча і высока ацэньвалі яго служэнне. У прыватнасці, біскуп Рэйніс, калі віншаваў яго з 25-годдзем святарства адзначаў: „Вы, Паважаны ксёндз, прыступілі да апостальскай працы як ксёндз Каталіцкага Касьцёла, таго Касьцёла, які дзяля загаду Хрыста любе й шануе ўсе народы. /.../ Вы, паважаны ксёндз, з’яўляецеся сынам беларускага народа, дзяля гэтага зразумела, што Вы сваёй працай хацелі і хочаце найбольш служыць свайму народу, каб ён, больш асьвечаны, больш паступовы ў культуры, мацней мог трымацца Хрыстовай навукі і ў згодзе і салідарнасьці мог жыць з суседнімі народамі“. Кайшадорскі біскуп Я. Кухта, у віншаванні з 25-годдзем святарства адзначыў: „... Прыйміце й мае, як старэйшага ў Хрысце Брата, найлепшыя Вам прывітаньні й пажаданьні“.
Літоўская грамадзкая супольнасьць тагачаснай Вільні таксама высока цаніла пастырскую дзейнасць айца Адама. Літоўскі ксёндз Чыбірас у ліпені 1939 г. пісаў: „Ксёндз-юбіляр ёсьць літоўскага народу шчырым прыяцелем. Віленскае літоўскае грамадзтва яго дужа паважае і любе, заўсёды з радасьцю вітае яго на сваіх сабраньнях. Ксёндз-юбіляр сваёй асобай і дзейнасьцю гэта цалкам заслужыў. /.../ З прыемнасьцю маю адзначыць, што ён, маючы многа беспасрэднай працы, знайшоў магчымасьць навучыцца літоўскага языка і сягоньня ўжо цалкам свабодна можа карыстацца нашай прэсай і згаварыцца з намі. А гэта тым прыямней нам факт, што паважанага юбіляра вучыла языка не жыцьцё паміж ліцьвінамі і адпаведная канверсацыя, але сьведамая воля: юбіляр вучыўся нашага языка, бо хацеў лепш нас пазнаць. Гэта для нас ёсьць цэнным. /.../ Літоўскае грамадзянства глядзіць на юбіляра як на старонніка сужыцьця абодвух народаў“.
Такіх цытат можна прывесьці яшчэ шмат. Таму цалкам незразумела, чаму сённяшняя літоўская каталіцкая іерархія варожа ставіцца да ўшанавання памяці ксяндза Адама Станкевіча, таго, каго высока цаніла і паважала тагачасная літоўская каталіцкая іерархія. Чаму сёння, немагчыма ўшаванаць памяць тых, якія не менш цярпелі, чым літоўскія каталіцкія святары? Відаць толькі таму, што Адам Станкевіч быў беларусам. Атрымліваецца, што быць беларусам і тады, і зараз не толькі не прыстыжна, але і злачынна.
Тэкст звароту ТБК у Вільні да Віленскай арцыбіскупскай курыі глядзіце тут.
На фота: ксёндз Адам Станкевіч
Паводле інфармацыі Рады Таварыства беларускай культуры ў Літве