Дарогі, якія выводзяць у свет

Беларускі мастак Вячаслаў Паўлавец атрымаў прыз глядацкіх сімпатый на конкурсе ў нямецкім горадзе Майнц.

Усяго ў конкурсе “Мастацтва ў горадзе” ўдзельнічала 17 мастакоў, двое з якіх з Майнца, астатнія — з сямі яго гарадоў-пабрацімаў, у тым ліку і з Мінска. Сёлета мастакі ў чатырнаццаты раз на вачах ў гараджан, якія таксама маглі аддаць свае галасы за тыя працы, што спадабаліся, стваралі свае творы ў Майнцы на вулачцы пад назвай Аўгусцінаштрасе. Конкурс прысвячаўся тэме “Наш свет збліжаецца”.У выніку праца беларускага мастака Вячаслава Паўлаўца спадабалася гледачам больш за іншыя, і ён атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. Дарэчы, у мінулым годзе прыз глядацкіх сімпатый таксама прыехаў у Мінск — яго заваявала Ксенія Бяляева.Вячаслаў Паўлавец сёлета прадставіў на конкурс трыпціх, які паказвае беларускі рачны ландшафт з аблокамі, пейзаж ракі Рэйн з ледзь прыкметным сілуэтам крэпасці і рачную дарогу, што злучае іх. “Дарогі злучаюць людзей” — так ён назваў свой твор. Аўтар пракаментаваў яго такім чынам: “Як дарогі злучаюць людзей разам, так і свет можа аб’яднацца”.

Паводле "Голасу Радзімы"