Пабачыла свет кніга Міколы Нікалаева "Беларускі Пецярбург"

Беларускі ПецярбургВыйшла з друку кніга беларускага даследчыка з Санкт-Пецярбурга Міколы Нікалаева пад назвай “Беларускі Пецярбург”.

Кніга апавядае пра жыццё і дзейнасць выхадцаў з беларусі ў Санкт-Пецярбургу на працягу больш як 300 гадоў.  Раздзелы згрупаваны па храналогі, а таксама прафесійнай прыналежнасці больш як 2000 выдатных і ардынарных асобаў беларускага паходжання.

Ад самага пачатку Санкт-Пецярбурга, гэта значыць ад пятроўскiх гадоў, тут жыло каля 25 тысяч беларусаў. А ў XIX стагоддзi iх было каля 100 тысяч, такім чынам Пецярбург ХІХ стагоддзя па колькасці жыхароў-беларусаў з’яўляўся самым вялікім у свеце гарадскім паселішчам і, на думку аўтара,  выконваў функцыю культурнай і адміністратыўнай сталіцы Беларусі.На прыканцы кнігі змешчаны спіс беларускай тапанімікі на карце Санкт-Пецярбурга, а таксама алфавітны імённік і імянны паказальнік (па рэгіёнах) беларусаў Санк-Пецярбурга.

Кніга адрасавана шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй і культурай беларускага народа, а таксама гісторыяй, культурай і  этнаграфіяй Санкт-Пецярбурга.Аўтар кнігі, Мікола Нікалаеў, нарадзіўся ў горадзе Шчучын Гродзенскай вобласці. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1978 года – навуковы супрацоўнік аддзела рукапісаў, загадчык аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Даследуе гісторыю сусветнай культуры, беларускае мастацтва, гісторыю правслаўнай царквы. Доктар філалагічных навук (1997). Аўтар манаграфі “Палата кнігапісная” (1993), прысвечанай пытанням традыцый кніжнай культуры ў Беларусі, таксама больш за 200 публікацый па археалогіі, гісторыі бібліятэк, рукапіснай кнігі, бібліяграфіі. Адзін з заснавальнікаў і член прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Член Вучонага савета  Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу.Кніга “Беларускі Пецярбург” выдадзена пры маральнай, арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і асабіста Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай, Дома нацыянальнасцяў Санкт-Пецярбурга, а таксама пецярбургскіх беларусаў.М. Нікалаеў. Беларускі Пецярбург. – Санкт-Пецярбург, выдавецтва “Агентство “Вит-принт”, 2009

------------------------------------------------------------

Кнігу можна набыць у кнігарні “Акадэмкніга”, пр. Незалежнасці, 72, тэл.: 2920052

Інфармацыйны цэнтр "МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"