Беларускія піяршчыкі Алег Бесараб і Ілля Кухараў сталі срэбнымі прызёрамі моладзевых спаборніцтваў у галіне “медыя” на фестывалі Канскія Львы 2009.Перамаглі аўстралійцы Лорэн Касар і Трыстана Барэла. Бронзавая ўзнагарода была прысуджана амерыканскай камандзе.Па словах кіраўніка рэкламнага агенцтва "SMG-Беларусь" Пётра Папялушкі ,Канскі фестываль — самы прэстыжны для рэкламшчыкаў у свеце. На ім вельмі шмат конкурсаў, але той, у якім выйгралі нашыя хлопцы — асаблівы. У конкурсе ўдзельнічаюць "маладыя канскія львы" — людзі, не старэйшыя за 23 гады, для якіх існуюць агульныя правілы. Ад кожнай краіны свету ўдзельнічае па адной камандзе. У гэты мгодзе у конкурсе бралі ўдзел маладыя рэкламшчыкі з 39 краін свету. Ад каманд патрабавалася за 24 гадзіны распрацаваць інавацыйную медыя-стратэгію для збору ахвяраванняў для Сусветнай харчовай праграмы, агенцтва ААН, што займаецца барацьбой з голадам на планеце.Але даведацца, у чым сутнасць стратэгіі, пакуль не магчыма — гэта сакрэт, кажа Пётр Папялушка: “Пакуль гэта засакрэчаная прэзентацыя, якая належыць Канскаму фестывалю. Яны іх адкрыюць, але не сёння, бо вынікі падведзеныя толькі ўчора позна ўвечары". Павага прафесіяналаў і грамата — вось і ўсе прызы, якія атрымалі маладыя крэатыўшчыкі. Па словах Пятра Папялушкі, гэта не так і мала: “На Канскім фестывалі ўсе прызы: гэта павага і прызнанне якаснага ўзроўню. Часта пытаюць: колькі грошай далі або яшчэ чаго? Ніякіх грошай там не даюць. У лепшым разе статуэтку ці грамату, з якой хлопцы прыедуць дамоў".
Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”