У Маскве адбылася "Беларуская вечарына"

У нядзелю 14 чэрвеня беларусы Масквы сабраліся ў клубе «Plan B» на «Беларускую вечарыну», арганізаваную Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй «Беларусы Масквы» пры падтрымцы беларускай амбасады ў Расіі.

Абяцаныя чарка і шкварка, хоць і не дармовыя, але ж былі. Адмыслова для вечарыны ў меню дадаліся дранікі розных відаў (са смятанай, шкваркамі, салам ды кілбасой), а таксама журавінавы морс ды квас.

Вядучая Натальля Кузьміна, вядомая як «кавэзэшніца» з каманды «ЧП», сыпала «нацыяналістычнымі» лозунгамі: «Мы — беларусы! Мы — лепшыя! Нават у Маскве! Беларусы — яны і ў Маскве беларусы!»

Відаць, таму першы конкурс — па абіранні бульбы — мужчыны ўспрынялі як палітычны, і два з трох удзельнікаў разгарнулі на сцэне сцягі. Яўген — чырвона-зялёны, Алесь — бел-чырвона-белы. Па якасці абабранай бульбы, дарэчы, перамог апошні.

Зладзілі і конкурс для дзяўчат — вырабіць выцінанкі. І тут ужо кожная праявіла майстэрства, перанятае ці то ад бабулі, ці то ад настаўніцы пачатковых класаў падчас выразання сняжынак.

Але, бадай, галоўным чыннікам радасці былі запрошаныя гурты — «Хуткі смоўж» і «Osimira». Дзякуючы ім, маскоўскія беларусы паспелі і паскакаць досыць, і карагоды павадзіць, і «Надзеньку» хорам паспяваць.

Паводле сайту "Беларуская Масква"