Памёр вялікі сябра беларусаў

16 чэрвеня памёр віцэ-мэр горада Познані  - Мацей Франкевіч, які з паловы траўня ляжаў у бальніцы пасля падзення з каня. У снежні спадару Франкевічу споўнілася 51 год.   Мацей Франкевіч нарадзіўся ў 1958 годзе. Быў намеснікам мэра па справах асветы, культуры і спорту. Вучыўся ў Познаньскім Політэхнічным Універсітэце, быў сябрам Незалежнага Звязу Студэнтаў, актывістам Змагарнай Салідарнасці і Партыі Свабоды. У чэрвені 2007 за заслугі ў змаганні за незалежнасць Польшчы і дэмакратыю з рук прэзыдэнта Леха Качыньскага атрымаў Афіцэрскі Крыж Ордэру Адраджэння Польшчы.Мацей Франкевіч шматразова спрыяў вырашэнню беларускіх пытанняў у Познані. Пры падтрымцы мэра Беларускаму культурна-асветніцкаму цэнтру было прадстаўлена сядзібнае памяшканне. Віцэ-мэр асабіста ўдзельнічаў у многіх беларускіх мерапрыемствах, а ў 2006 годзе разам са Станіславам Шушкевічам урачыста адчыняў Дні Вольнай Беларусі. Апошнім часам Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр заручыўся падтрымкай спадара Франкевіча па ўстанаўленні помніка Францыску Скарыну ў Познані. Смерць Мацея Франкевіча для мясцовых беларусаў стала стратай адданага сябры. Паводле "voranau.livejournal.com"