Вядучыя майстры беларускай сцэны Людміла Кудраўцава і Антон Краўчанка сталі адной з пар, каторыя прымалі ўдзел у прэстыжным міжнародным фестывалі зорак сусветнага балету ў Сеўле (Карэя).На фестывалі World Ballet Star Festival няма ўзнагародаў, але ўжо само запрашэнне выступіць на яго сцэне – амаль узнагарода. Людміла Кудраўцава і Антон Краўчанка прадставілі два па-дэ-дэ са спектакляў “Спартак” і “Шчалкунчык”. Выступленні беларускай пары былі з лішкам узнагароджаныя апладысментамі публікі.У гэтым прэстыжным фестывалі зорак сусветнага балету ў Карэі таксама прымалі ўдзел вядомыя танцоўшчыкі з Расіі (Марыінскага тэатру з Санкт-Пецярбурга), Англіі (English National Ballet), Германіі (Stuttgart Ballet), Карэі (Korea National Ballet), Кубы (Cuban National Ballet), ЗША (Нью-Ёркскай Танцавальнай кансерваторыі Валянціны Казловай) і іншых краін.І яшчэ адзін нядаўні поспех на міжнароднай сцэне ў беларускіх танцоўшчыкаў – маладая балерына Надзея Філіпава стала дыпламантам міжнароднага конкурсу артыстаў балету “Хельсінкі-2009”. Сёлета ў ім прынялі ўдзел каля ста артыстаў з больш чым 40 краін свету.
Паводле “БЕЛТА”